BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Данільчык і Кебікава сталі бронзавымі прызёрамі ЧЕ па боксе

Беларускія спартоўкі заваявалі першыя медалі чэмпіянату Еўропы па боксу 2024 года, які праходзіць у сталіцы Сербіі Бялградзе. Напярэдадні прайшлі паўфінальныя баі ў жанчын, з шасці заяўленых на турнір беларусак да гэтай стадыі дайшлі двое – Арына Данільчык і Вікторыя Кебікава. У катэгорыі да 70 кг Данільчык сустракалася з прадстаўніцай Венгрыі Рэгінай Лакош. Дзяўчаты біліся на роўных, у выніку суддзі не змаглі прыйсці да адзінай думкі, але паасобным рашэннем перамога была прысуджана венгерцы 4:3. Кебікавай у вазе да 81 кг супрацьстаяла расіянка Алена Гапешына. Пратрымацца да канца бою нашай спартоўцы не ўдалося – суперніца дамінавала на рынгу, з-за чаго напрыканцы другога раўнда рэферы прыняў рашэнне спыніць паядынак. Такім чынам, абедзве беларускія спартоўкі сталі ўладальніцамі бронзавых узнагарод, паколькі баі за трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы не прадугледжаны. У паўфінале ў мужчын Аляксей Алфёраў у паўфінале супернічаў з італьянцам Вінчэнца Ліцы. Ужо ў першым раўндзе Аляксей двойчы адправіў суперніка ў накдаўн, пасля чаго Ліцы і яго трэнерскі штаб адмовіліся ад працягу барацьбы. Такім чынам, Алфёраў выйшаў у фінал, дзе супрацьстаяць яму будзе расіянін Шарапутдзін Атаеў, паядынак за золата адбудзецца ў нядзелю.

Вайлупаў дапамог гандбалістам “Веспрэма” адолець “Ольбарг” у Лізе чэмпіёнаў

Гандбалісты венгерскага “Веспрэма” вырвалі перамогу ў дацкага “Ольбарга” у хатнім чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў. На працягу амаль усёй сустрэчы датчане былі наперадзе, але ў канцоўцы паядынку гаспадары здолелі выраўняць становішча, а літаральна за секунду да фінальнай сірэны егіпцянін Язья Амар закінуў пераможны мяч – 32:31. Беларускі правы крайні гаспадароў Мікіта Вайлупаў закінуў 5 разоў, зараз у яго 54 галы. Напярэдадні польскі “Кельцэ” адолеў у сябе дома дзейных пераможцаў чэмпіёнскай Лігі гандбалістаў нямецкага “Магдэбурга” — 27:26. Беларускі лінейны гаспадароў Арцём Каралёк закінуў свой 24-ы мяч у гэтым сезоне Лігі чэмпіёнаў.

Беларусы здабылі другую перамогу на турніры развіцця УЕФА ў Менску

Юнацкая зборная Беларусі (U-16) святкавала другую буйную перамогу на турніры развіцця УЕФА, які праходзіць у Менску. У матчы другога тура беларусы ўпэўнена перайгралі каманду Таджыкістана з лікам 5:1. Галявы дубль у актыве Данііла Чаргейкі, па разе вызначыліся Ян Прыёмка, Раман Стэсік і Ілля Вярэніч (з пенальці). У стартавым матчы падначаленыя Валерыя Апанаса разграмілі аднагодкаў з Азербайджана з лікам 4:0. У заключным паядынку 28 красавіка беларускія футбалісты паспрачаюцца за першае месца са зборнай Узбекістана.

Бокій выйграў трэцяе золата на чэмпіянаце Еўропы па параплаванні

Беларускі плывец-паралімпіец Ігар Бокій святкаваў чарговую перамогу на чэмпіянаце Еўропы па плаванні сярод спартоўцаў з парушэннямі зроку і апорна-рухальнага апарата, які праходзіць у партугальскім Фуншале. У чацвер спартоўцы разыгралі 23 камплекты ўзнагарод, Бокій выступаў на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем у класе S13. У вячэрнім фінале беларус фінішаваў першым, закрануўшы борцік усяго на 0,02 секунды хутчэй за ўкраінца Аляксея Вірчанкі. Гэтае золата стала для Бокія трэцім на турніры ў Фуншале.

Беларускае Радыё Рацыя