BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Футбалісты «Смаргоні» і «Гомеля» згулялі ўнічыю на старце 5-га тура чэмпіянату Беларусі

На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі адкрылася праграма 5-га тура. У стартавым паядынку футбалісты «Смаргоні» згулялі ўнічыю на сваім полі з «Гомелем» – 2:2. У сярэдзіне першага тайма Цярэнцій Луцэвіч вывеў гаспадароў наперад, а неўзабаве Уладзіслаў Яцкевіч зраўняў вынік. Пасля перапынку, на зыходзе гадзіны гульнявога часу супернікі на працягу дзвюх хвілін зноў абмяняліся галамі: Кірыл Леановіч аформіў дубль, на што дакладным ударам адказаў габонскі легіянер гамяльчан Джуніёр Эфаге. У другім матчы барысаўскі БАТЭ таксама згуляў унічыю з «Дняпром» 1:1.

Беларусы здабылі другую перамогу на турніры па пляжным футболе ў Санкт-Пецярбургу

Каманда Беларусі святкавала другую валявую перамогу на перадсезонным турніры па пляжным футболе «Вясновы Пецярбург».
У паядынку папярэдняй групы B беларусы абыгралі ПФК «Саратаў» з лікам 6:4. У складзе пераможцаў дубль у актыве трэнера Вадзіма Бокача, па адным мячы забілі Раман Фамін, Мікіта Скавародзін, Уладзіслаў Кананенка і Іван Канстанцінаў. У першым матчы беларуская каманда таксама здабыла валявую вікторыю над маскоўскім клубам «Строгіна» – 5:3. Хет-трык у гэтай сустрэчы аформіў Андрэй Вадаевіч, па адным голе забілі Вадзім Бокач і Юрый Пятроўскі.

Гімнастка Цітавец выйграла бронзу на брусах на этапе Кубка свету ў Досе

У сталіцы Катара горадзе Доха працягваецца чацвёрты і заключны этап розыгрышу Кубка свету па спартовай гімнастыцы з удзелам беларусаў. Дзяўчаты вызначалі лепшых у практыкаванні на разнавысокіх брусах, з кваліфікацыі ў фінал з другім вынікам прабілася Алена Цітавец. Беларуская гімнастка атрымала за сваё выкананне 13,600 бала – гэта сума апынулася трэцяй сярод васьмі фіналістак. Апярэдзіць нашу спартоўку здолелі толькі Кайлія Немур з Алжыра і Леві Юнг-Руйвівар з Філіпін. Гэты медаль Кубка свету стаў для Цітавец другім у гэтым розыгрышы: на лютаўскім этапе ў Германіі Алена выйграла срэбра.

Арына Сабаленка вылецела з турніру ў Штутгарце

Беларуска Арына Сабаленка не змагла прайсці чвэрцьфінал тэніснага турніру ў Штутгарце. Другая ракетка свету саступіла прадстаўніцы Чэхіі Маркеце Вандраўшавай, якая займае восьмае месца ў рэйтынгу WTA – 6:3, 3:6, 5:7.

Баксёр Туніеў выйшаў у чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы ў Сербіі

У сталіцы Сербіі Бялградзе працягваецца чэмпіянат Еўропы па боксе з удзелам беларускіх спартоўцаў. У пятніцу на рынг выходзілі двое прадстаўнікоў Беларусі: Артур Туніеў у вазе да 60 кг і Кірыл Самадураў у катэгорыі да 75 кг. Для праходу ў наступны раўнд спаборніцтваў Туніеву хапіла ўсяго дзвюх хвілін: ужо ў першым раўндзе бою ў 1/8 фіналу наш баксёр адправіў у накаўт харвата Мацея Зебіча. У чвэрцьфінале, які адбудзецца 24 красавіка, супрацьстаяць беларусу будзе Радаслаў Расенаў з Балгарыі. Кірылу Самадураву пашанцавала менш: у стартавым паядынку на турніры ён прайграў Даўрону Базараву з Малдовы.

Беларускае Радыё Рацыя