BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Протас набраў першае ў кар’еры ачко ў плэй-оф НХЛ

Беларускі нападнік “Вашынгтона” Аляксей Протас правёў першы ў кар’еры матч плэй-оф Нацыянальнай хакейнай лігі. У стартавым раундзе Кубка Стэнлі “Кэпіталз” сустракаюцца з “Нью-Ёрк Рэйнджэрс”. Першы матч серыі да чатырох перамог адбыўся ў Нью-Ёрку. Дэбютнае ачко ў плэй-оф Аляксей Протас набраў на 28-й хвіліне сустрэчы, аддаўшы галявую перадачу Марціну Фехервары. Праўда, да таго часу “сталічныя” ўжо саступалі з розніцай у тры шайбы, а фінальная сірэна ў выніку зафіксавала паразу гасцей з лікам 1:4. Усяго Протас адыграў на пляцоўцы 16 хвілін і нанёс 6 кідкоў. Другі паядынак “Рэйнджэрс” і “Кэпіталз” адбудзецца таксама ў “Мэдысан Сквер Гардэн” у ноч на сераду па беларускім часе. Далей каманды пераедуць у Вашынгтон, дзе правядуць два матчы 27 і 29 красавіка.

Беларусы выйгралі дзевяць медалёў маладзёвага ЧЕ па хуткіх шашках

У турэцкім Кемеры праходзіць маладзёвы чэмпіянат Еўропы па шашках-64. У спаборніцтвах у хуткай праграме беларусы заваявалі 9 медалёў. Чэмпіёнамі кантынента ў сваіх узроставых катэгорыях сталі Марыя Тараніна, Вікторыя Мікалаева, Арцём Ціханаў і Павел Бокій.

Беларускія паралімпійцы заваявалі два медалі на старце чэмпіянату Еўропы па плаванні

У партугальскім Фуншале стартаваў адкрыты чэмпіянат Еўропы па плаванні сярод спартоўцаў з парушэннямі зроку і апорна-рухальнага апарата. Удзел у спаборніцтвах бяруць 435 плыўцоў, якія прадстаўляюць не толькі еўрапейскія краіны, але і іншыя кантыненты. Напярэдадні ў стартавы дзень турніру былі разыграны 26 камплектаў узнагарод, па выніках двух фіналаў на подыум уздымаліся беларусы. На стомятроўцы батэрфляем у класе S13 золата заваяваў 16-разовы паралімпійскі чэмпіён Ігар Бокій, а на дыстанцыі 100 метраў на спіне ў класе S12 бронзавым прызёрам стаў Максім Вашкевіч.

Сасновіч згуляе з Дарт у кваліфікацыі турніру WTA-1000 у Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч першай з беларусак стартуе на турніры катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 800 тысяч еўра. У паядынку першага кваліфікацыйнага раунда беларуска, якая займае 109-е месца ў сусветным рэйтынгу, сустрэнецца з брытанскай тэнісісткай Хэрыет Дарт, у якой 86-я пазіцыя. У выпадку поспеху ў гэтай сустрэчы Аляксандра Сасновіч паспрачаецца за выхад у асноўную сетку з пераможцай матчу паміж францужанкай Феонай Фэра і расейскай тэнісісткай Марыяй Цімафеевай.

Сярэдняя наведвальнасць чэмпіянатат Беларусі па футболе на 34,5% вышэйшая, чым летась

Сярэдняя наведвальнасць чэмпіянату Беларусі па футболе ў бягучым сезоне на 34,5 працэнта вышэйшая, чым у мінулым, паведамляе “Трыбуна”. Пасля 5 тураў гэты паказчык складае 2134 чалавек. У сезоне 2023 года сярэдняя наведвальнасць пасля 5 тураў складала 1587 чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя