BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Шаранговіч не набраў балаў у чарговым матчы НХЛ

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ “Калгары” на хатняй арэне капітуляваў перад “Сіэтлам” — 2:4. Такім чынам, на пяці матчах спынілася пераможная серыя канадскага клуба.

Фота: Sergei Belski-USA TODAY Sports

Беларускі нападнік «агеньчыкаў» Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 17 хвілін 21 секунду, ачкоў не набраў, па брамцы не трапляў, заблакаваў чатыры кідкі супернікаў, зарабіў дзве хвіліны штрафу, завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці 0. Усяго ў чэмпіянаце на рахунку Шаранговіча 41 (23+18) ачко і -13 карыснасці ў 61 гульні.

Гвет падпісаў кантракт з «Нёманам»

21-гадовы камерунскі нападнік Леанард Гвет падпісаў кантракт з гарадзенскім «Нёманам». Раней футбаліст выступаў за літоўскі БФА з другога дывізіёна. Кантракт з гарадзенскім клубам заключаны да канца 2025 года. Футбаліст з’яўляецца выхаванцам футбольнай школы “Лекі” з аднайменнага горада, размешчанага ў цэнтральнай правінцыі Камеруна.

Першы прафесійны кантракт форвард заключыў з клубам з вышэйшай футбольнай лігі Камеруна – “Апежэс” і стаў срэбраным прызёрам чэмпіянату Камеруна ў сезоне 2020/2021. Далей нападнік працягнуў кар’еру ў моладзевай камандзе бельгійскага «Гента», а напрыканцы мінулага сезона Леанард перабраўся ў Літву, дзе падпісаў кантракт з клубам «БФА» з Вільні. За літоўскі клуб Леанард у чэмпіянаце правёў 4 матчы і забіў 1 гол.

Да афіцыйнага падпісання Гвет прыняў удзел у 13 сустрэчах перадсезонкі жоўта-зялёных і сумарна правёў на полі 646 хвілін  і набраў па сістэме гол плюс пас 4 балы. Нападнік тройчы забіў сам (барысаўскаму БАТЭ, мазырскай „Славіі” і берасцейскаму „Дынама”), адзін раз асіставаў Паўлу Савіцкаму ў матчы супраць Цэнтра Футбола і зарабіў пенальці ў матчы супраць БАТЭ.

Названы склад зборнай Беларусі на матчы з футбалістамі Чарнагорыі і Мальты

Трэнерскі штаб футбольнай зборнай Беларусі вызначыў склад на першыя матчы новага сезона. Галоўны трэнер беларускай дружыны іспанскі спецыяліст Карлас Алос Ферэр выклікаў на трэніровачны збор 25 гульцоў. У тым ліку абаронцаў гарадзенскага «Нёмана» Ягора Пархоменку і Сяргея Карповіча.  Каманда збярэцца ў Менску 17 сакавіка і потым адправіцца ў Турцыю. У першым спарынгу 21 сакавіка у Анталлі беларусы сустрэнуцца з камандай Чарнагорыі, а затым перабазіруюцца на Мальту, дзе 26 сакавіка правядуць спарынг з мальтыйцамі.

“Арсенал” разграміў у гасцях «Шэфілд»

У матчы 27-га тура чэмпіянату Англіі па футболе «Шэфілд Юнайтэд» на сваім полі прапусціў ад «Арсенала» шэсць галоў, адзін з мячоў быў забіты ва ўласную браму гульцом «Шэфілда».
“Арсенал” з 61 ачком ідзе на трэцім месцы ў турнірнай табліцы, “Шэфілд” яе замыкае на 20-й пазіцыі з 13 баламі.

У матчы 27-га тура чэмпіянату Італіі “Інтэр” дзякуючы галам Аслані і Санчэса на сваім полі перайграў “Джэноа” з лікам 2:1. “Інтэр” з 72 ачкамі ідзе на першым месцы ў турнірнай табліцы, “Джэноа” з 33 баламі займае 12-е месца.

У Мюнхене і Сан-Себасцьяне вызначацца першыя чвэрцьфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў

Першыя ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі вызначацца сёння ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў. У Мюнхене чэмпіёны Германіі футбалісты “Баварыі” паспрабуюць узяць рэванш за паразу ад рымскага “Лацыё” ў італьянскай сталіцы з лікам 0:1. У другім паядынку іспанскі “Рэал Сасьедад” прыме ў Сан-Себасцьяне французскі “Пары Сэн-Жэрмэн”. Парыжане выйгралі  на хатняй арэне 2:0 і сёння маюць намер утрымаць здабытую перавагу. Заўтра стануць вядомыя яшчэ два чвэрцьфіналісты. Дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў англійскі “Манчэстэр Сіці” згуляе на сваім полі з “Капенгагенам”. “Манчэстэр Сіці” ўпэўнена абыграў яго ў дацкай сталіцы з лікам 3:1. У сталіцы Іспаніі мадрыдскі “Рэал” сустрэнецца з нямецкім “Лейпцыгам”. У гасцях мадрыдскі клуб выйграў з мінімальнай перавагай – 1:0.

Беларускае Радыё Рацыя