BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Сталі вядомыя ўсе паўфіналісты Лігі Еўропы і Лігі канферэнцый

Следам за футбольнай Лігай чэмпіёнаў вызначыліся ўсе ўдзельнікі паўфінальнай стадыі яшчэ двух кантынентальных клубных турніраў.

У паўфіналах Лігі Еўропы згуляюць: “Рома” з “Баерам”, “Марсель” з “Аталантай”.
У трэцім па рангу турніры Старога Свету – Лізе канферэнцый, у паўфінальных паядынках сустрэнуцца: “Фіярэнціна” з “Бруге” (Бельгія), і “Астан Віла” з “Алімпіякасам”. Сустрэчы за трапленне ў фіналы пройдуць 2 і 9 траўня. Вырашальны матч Лігі Еўропы адбудзецца 22 траўня ў Дубліне, фінальны паядынак Лігі канферэнцый 29 траўня прымуць Афіны.

Беларусы прайгралі чэмпіёну Расеі на турніры па пляжным футболе ў Санкт-Пецярбургу

Каманда Беларусі зведала першую паразу на традыцыйным перадсезонным турніры па пляжным футболе “Вясновы Пецярбург”. У сваім другім матчы папярэдняй групы B беларусы саступілі чэмпіёну Расеі пецярбургскаму “Крышталю” з вынікам 3:6. У складзе беларусаў голавы дубль у актыве Юрыя Пятроўскага, адзін раз у браму гаспадароў забіў гуляючы трэнер Вадзім Бокач. У складзе пераможцаў двойчы вызначыўся беларус Ігар Брыштэль, адзін мяч забіў Алег Гапон.

Баскетбалісткі “Гарызонта” перамаглі ў першым паўфінале жаночага чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісткі “Гарызонта” святкавалі перамогу над гарадзенскай “Алімпіяй” у першым матчы паўфінальнай серыі жаночага чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў Менску праходзіла ў роўнай барацьбе і толькі ў самым канцы дзейныя чэмпіёнкі краіны здолелі вырваць перамогу з перавагай на тры ачкі – 63:60. Другая гульня таксама пройдзе ў сталічным спарткомплексе “Гарызонт” – у суботу, 20 красавіка, а 26 красавіка суперніцы згуляюць у Гародні.

Фалей і Лепчанка саступілі ў чвэрцьфінале парнага разраду турніру ў Партугаліі.

Беларуская тэнісістка Алена Фалей і Варвара Лепчанка з ЗША не здолелі прабіцца ў паўфінал парнага разраду турніру WTA-125 у партугальскім Аэйрашы з прызавым фондам 164 тысячы даляраў. У чвэрцьфінальным матчы Фалей і Лепчанка прайгралі брытанска-французскаму дуэту Хэрыет Дарт / Крысціна Младзенавіч – 1:6, 4:6. На старце беларуска-амерыканскі тандэм перамог аўстралійска-філіпінскую пару Тэйла Прэстан / Аляксандра Эала – 6:4, 6:4.

Беларускае Радыё Рацыя