Беларускія гандбалісты вызначыліся ў матчах 13-га тура групавога этапа Лігі чэмпіёнаў.
Беларускі правы крайні венгерскага “Веспрэма” Мікіта Вайлупаў закінуў 8 разоў у брамку французскага “Манпелье” і дапамог сваёй камандзе перамагчы ў гасцях 37:31.
Цяпер на рахунку беларуса 32 галы ў гэтым сезоне Лігі чэмпіёнаў. У групе А польскі “Кельцэ” ўпэўнена перайграў на сваёй пляцоўцы нарвежскі “Кальстад” – 31:23. Беларускі лінейны польскага клуба Арцём Каралёк закінуў 2 мячы і зараз на яго бамбардзірскім рахунку 20 дакладных кідкоў.
Тандрэвольд выйграла індывідуальную гонку на КМ у Холменколене
Сёння адбылася жаночая індывідуальная гонка на сёмым этапе Кубка свету па біятлоне ў Холменколене. Яе перанеслі з 29 лютага на 1 сакавіка з-за дрэнных умоў надвор’я. Перамогу ў гонцы святкавала нарвежка Інгрыд Ланмарк Тандрэвольд.
Сем беларускіх дзюдаістаў стартуюць на турніры Вялікага шлема ў Ташкенце
У сталіцы Узбекістана Ташкенце стартуе трэці турнір серыі Вялікага шлема па дзюдо гэтага сезона з удзелам беларусаў. На турнір заяўлены амаль 500 спартоўцаў з 69 краін, у тым ліку сямёра беларускіх дзюдаістаў, якія выступаюць у нейтральным статусе. У мужчынскіх спаборніцтвах на татамі выйдуць Руслан Галавачоў, Аляксандр Сідорык, Ягор Варапаеў і Даніэль Мукетэ. Таксама ў Ташкенце выступяць тры нашы дзяўчаты – Ксенія Даніловіч, Яна Макрэцкая і Дар’я Канцавая. Спаборніцтвы ва Узбекістане працягнуцца да канца тыдня.
Менскае «Дынама» аб’явіла пашыраны склад на плэй-оф
Трэнерскі штаб менскага “Дынама” аб’явіў выязны склад на першыя два паядынкі плэй-оф супраць маскоўскага “Дынама”. Сустрэчы пройдуць 2 і 4 сакавіка. У Менску па медыцынскіх паказаннях засталіся Аляксандр Сувораў, Зміцер Дзярабін, Мікіта Смірноў і Іван Сякерын, адзначае прэс-служба «зуброў». Ягор Борыкаў, Ягор Ігнаценка, Сцяпан Звягін і Ягор Клаўдзіеў не трапілі ў выязны склад і будуць працаваць па індывідуальнай праграме.
«Напалі» запатрабуе ў «Чэлсі» 113 млн фунтаў клаўсулы за Асімхена
«Напалі» летам запатрабуе за форварда Віктара Асімхена 113 мільёнаў фунтаў клаўсулы ў патэнцыйных пакупнікоў, паведамляе журналіст Evening Standard Нізаар Кінсела.
25-гадовы нігерыец да гэтага часу знаходзіцца сярод прыярытэтных мэт «Чэлсі», які працягвае пошукі форварда. За Асімхена таксама могуць пазмагацца «ПСЖ» і «Арсенал». Прэзідэнт неапалітанцаў Аўрэліа Дэ Лаўрэнціс не збіраецца гандлявацца. Гулец падпісаў новы кантракт з новымі адступнымі ў снежні. У «Чэлсі» могуць узнікнуць праблемы з фінансамі з-за ФФП, калі не трапяць у еўракубкі. У бягучым сезоне на рахунку Віктара 13 галоў і 4 асісты ў 21 матчы.
Солт-Лэйк-Сіці падаў заяўку на правядзенне Алімпійскіх гульняў-2034
Горад Солт-Лэйк-Сіці (штат Юта) падаў заяўку на правядзенне зімовых Алімпійскіх гульняў 2034 года. Камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) наведае горад з 9 па 13 красавіка, каб ацаніць гатовасць да правядзення Гульняў. Солт-Лэйк-Сіці на дадзены момант з’яўляецца адзіным прэтэндэнтам на правядзенне Алімпіяды ў 2034-м. Сталіца штата Юта ўжо станавілася гаспадыняй Гульняў у 2002 годзе. У лістападзе мінулага года ў МАК назвалі Францыю і ЗША пераважнымі кандыдатамі на правядзенне Алімпіяд 2030 і 2034 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя