Расейскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Адэсе. Першая ракета трапіла ў жылыя дамы, ратавальнікі неадкладна прыбылі на месца выбуху і пачалі тушэнне пажару, разбор завалаў і пошук людзей, заявілі ў Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях (ДСНС). У гэты час упала другая ракета.
У выніку загінулі фельчар і ратавальнік, якія пасля першага выбуху прыехалі аказваць дапамогу на месца. Таксама сярод медыкаў і ратавальнікаў ёсць цяжка параненыя.
Колькасць загінулых у Адэсе вырасла да 16, лічба параненых дасягнула 55, перадае Еuronews са спасылкай на кіраўніка абласной вайсковай адміністрацыі Алега Кіпера.
Паводле інфармацыі гарадскіх уладаў, усе дзеці, якія на момант атакі былі ў школах і садках, — у бяспецы.