Апеляцыйны суд у Сербіі адмяніў рашэнне пра экстрадыцыю беларуса Андрэя Гнёта. Справа будзе разгледжана нанова. Слуханне прызначанае на 26 сакавіка, паведамляе Deutsche Welle.
Апеляцыйны суд заявіў, што былі даследаваны не ўсе акалічнасці, на падставе якіх было вынесена рашэнне аб экстрадыцыі. Таксама суд адзначыў, што Гнёту не далі слова на першым судовым працэсе.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр патлумачыла DW, апеляцыйны суд адмяніў рашэнні суда першай інстанцыі, але не адмяніў саму экстрадыцыю. Справа будзе накіравана на новы разгляд.
Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр і палітычны актывіст. Яго арыштавалі ўлады Сербіі, калі ён прызямліўся ў аэрапорце Бялграду ў кастрычніку 2023 году, на падставе ордэру Інтэрполу, выдадзенага на запыт Беларусі. З таго часу ён у Бялградзе пад вартай. Гнёт не ведаў, што на яго выпісаны ордэр, у Сербію ён прыехаў на працу. Ён жыў у Тайляндзе, куды ўцёк пасля ўдзелу ў пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году.