BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусы і ўкраінцы Батумі ўзгадалі Чарнобыльскую катастрофу

Акцыя памяці Чарнобыльскай трагедыі адбылася 27 красавіка ў грузінскім Батумі на плошчы Еўропы.

Каля трох дзясяткаў беларускіх і ўкраінскіх актывістаў трымалі плакаты і нацыянальныя сцягі, а выступоўцы згадалі трагедыю, якая адбылася 38 год таму. Кажа прадстаўнік украінскай дыяспары ў Батумі Аляксей Севярыненка:

– Уладзе Савецкага Саюза ў свой час было абсалютна абыякава на ўласны народ. Яны ставіліся да народу проста, як да насельніцтва, якое мае памерці за нейкую “светлую будучыню”. Сёння сучасная Расея таксама заяўляе, што яна нашчадак Савецкага Саюза. Яна таксама ставіцца да ўласных народу і да народу іншых краін. Напрыклад, як да Беларусі, якая фактычна з’яўляецца акупаванай, або Украіны з якой Расея ваюе.

Кіраўнік грамадскай арганізацыі “Беларуская дыяспара ў Аджарыі” Аляксей Балашоў падкрэсліў, што трагедыя ў Чарнобылі закранула абодва народы – украінскі і беларускі:

– Трагедыя датычыць абедзве нацыі – украінскай і беларускай. На тэрыторыі Украіны адбылася катастрофа, а ейныя экалагічныя наступствы абрынуліся збольшага на тэрыторыю Беларусі. Сёння Расея вядзе крывавую вайну ва Украіне, хоча знішчыць гэтую дзяржаву, вядзе вайну на знішчэнне. Яны шантажуюць ядравай зброяй увесь свет, яны размясцілі ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі, зрабіўшы Беларусь цэллю нумар адзін.

На акцыі хвілінай маўчання згадалі ўсіх загінулых ад Чарнобыльскай катастрофы і ў час вайны з Расеяй. Акцыі ў Батумі ў падтрымку Украіны адбываюцца перыядычна з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну.

Беларускае Радыё Рацыя