BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ілона Карпюк пра беларускую адукацыю на Падляшшы

Беларуская адукацыя ў Польшчы, а ў прыватнасці, на Падляшшы, застаецца адной з галоўных задач для нацыянальнай меншасці. Апошнім часам гэта стала таксама важным напрамкам дзейнасці і для беларускай дыяспары, асабліва апошняй вялікай хвалі.

Пра тое, якія выклікі стаяць перад адукацыяй, і што варта зрабіць – пагаворым з “Госцяй Рацыі” Ілонай Карпюк, якая з’яўляецца намесніцай дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і сябрай управы аб’яднання “АББА”:

РР: У Беластоку ёсць пачатковая школа №4, дзе ёсць беларуская мова для дзетак. Там ёсць цудоўная настаўніца Аліна Ваўранюк. Вядома, што ўжо ў гэтым годзе Аліна не мела дастатковай колькасці гадзін для таго, каб мець поўны графік працы, гэтых дзетак стала менш. Гэта адзінкавы выпадак ці тэндэнцыя?

– Можа дрэнна пачынаць размову з адмоўных тэндэнцый, але так яно і ёсць. Мы жывём у Польшчы, як меншасць, якая пастаянна змяншаецца. Змяншаецца колькасць грамадзян Польшчы, якія акрэсліваюць сваю тоеснасць і нацыянальную прыналежнасць, як беларускую. Вядома, што ніхто ў школе не пытае, хто ты па нацыянальнасці, а проста заяўляеш пра тое, што хочаш, каб тваё дзіця вывучала беларускую мову. Гэтага хопіць, не трэба пазначаць нацыянальнасць. Але каб паслаць дзіця на беларускую мову, то трэба адчуваць нейкую супольнасць з культурай, са сваімі продкамі, са спадчынай.

Тут вядома ёсць некалькі фактараў. Ёсць напэўна і пачуццё беларускасці, якое розныя людзі па рознаму разумеюць. Ёсць мова, якая шмат для каго вызначальны элемент тоеснасці. Вядома, што ў нас прысутнічае багацце моваў, бо дыялектычныя формы беларускай мовы таксама існуюць па ўсёй Беласточчыне. Напэўна кожны з нас, з кім мы сустракаемся ў нейкіх сяброўскіх колах, калі сям’я з розных частак, з бацькамі ці дзядамі размаўляюць на іншай гаворцы, але ўсё ж такі беларускай мовы. Таму агульная тоеснасць усё ж такі існуе.

Трэці фактар, напэўна гэта праваслаўнае веравызнанне. Плюс яшчэ сямейная гісторыя, продкі і гэтак далей. Усё гэта разам дазваляе думаць пра сябе, як пра частку беларускай меншасці і працягваць гэтую сямейную гісторыю, пасылаць дзяцей на беларускую мову і гэтак далей. Вядома можна спасылацца на перапіс насельніцтва, які паказаў, што нас паменшала амаль на палову за апошнія дзесяць гадоў на Падляшшы.

З другога боку таксама да нашага грамадства далучаюцца беларусы, якія пераязджаюць з Беларусі ці з Беларусі праз іншыя краіны. Трапляюць у Польшчу і таксама далучаюцца да грамадства. Кажам, што гэта мігранты, што гэта беларуская дыяспара, але частка гэтых асобаў ужо частка польскага грамадства. Бачым колькасць беларусаў, якая далучаецца да нашага грамадства, сябруем, кантактуем, ладзім розныя мерапрыемствы.

Ёсць такі маленькі агеньчык надзеі, што фактычна ў нейкай ступені гэта адраджэнне для нас можа адбыцца. Вядома адно, што ўсё напэўна будзе залежаць ад зменаў у самой Беларусі. Калі гэта будзе тое, пра што мы марым, то можна спадзявацца на паляпшэнне. Калі ідзе пра сітуацыю меншасці, то тут складана спадзявацца, што болей дзяцей будзе гаварыць з бацькамі ці вывучаць беларускую мову ў пачатковых школах.

Што мы можам рабіць? Мы можам заахвочваць і расказваць пра наш досвед, дзяцей, якія ўжо вывучаюць беларускую мову. Можам пераконваць, што наша спадчына ўнікальная. Чуем з розных бакоў, што свядомасць каранёў прыходзіць да нас вельмі позна ў жыцці. Але паколькі маем гэтую створаную сістэму адукацыі на розных узроўнях, то варта паспрабаваць утрымаць гэты пазітыўны трэнд. Дзеткі, ёсць, вывучаюць беларускую мову, пазнаюць культуру, сябруюць паміж сабой і развіваюцца ў розных напрамках.

Поўная гутарку ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя