BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Якіх беларусаў не любяць палякі

Паводле аўтарытэтнай польскай сацыялагічнай лабараторыі CBOS 47% палякаў ставяцца да беларусаў адмоўна. Тым часам у Варшаве ўжо чацверты год запар плануецца марш беларусаў да 25 сакавіка. Беларусы – адзіная нацыянальная меншасць, якая можа сабе дазволіць шпацыраваць па цэнтры польскай сталіцы пад нацыянальнымі сімваламі і лозунгамі з нагоды нацыянальнага свята без думкі пра якія-небудзь негатыўныя наступствы. 

Старая, і практычна невырашальная праблема – медыі даюць статыстыку без кантэксту, і тым самым уплываюць на меркаванне грамадства без адказнасці за наступствы. Маўляў, гэта не мы, гэта сацыёлагі. Але сацыёлагі – навукоўцы, не іх задача камунікаваць з грамадствам.

Кожны беларус, які жыве ў Польшчы, прынамсі, у Варшаве, ведае, што праблема з падабаюцца/не падабаюцца тут датычыць найперш украінцаў. Гэта асобная не вясёлая тэма, якую мы пакінем польскім і ўкраінскім публіцыстам.

Тым не менш, у рэйтынгу новага даследавання ўкраінцы маюць ў два разы лепшую пазіцыю за беларусаў. Нават не гледзячы на тое, што на полська-украіснкай мяжы ідуць гандлёвыя войны, а з Беларусі тавары, хай сабе і пад санкцыямі, але спакойна рушаць у Польшчу.

Мяркую, што ў даследаванні CBOS гаворка ўсё-ткі не пра нацыянальнасці цалкам, а пра людзей, якія насяляюць тую ці іншую краіну. Таму хочам мы ці не, але звычайны паспаліты чалавек асацыюе дзяржаву і насельніка, нават не грамадзяніна, бо грамадзянін можа жыць у замежжы.

Згадваецца стары анекдот, які ў паліткарэктнай форме гучыць так. 12 красавіка 1961 году на хутары ў Карпатах малы хлопчык бяжыць і крычыць: «Дзеду, дзеду, расейцы ў Космас паляцелі!» Дзед такі радасна здзіўлена: «Што – усе?!»

Ведаючы гэтую асаблівасць чалавечага мозгу да абагульнення, медыям вельмі важна расстаўляць акцэнты.

Для мяне відавочна, што 47% апытаных палякаў адмоўна ставяцца не да беларускай нацыянальнасці, а да Лукашэнкі і ягонай палітыкі. Проста аўтаматычна накладаюць грымасу крывавага і подлага ўзурпатара ўлады на ўсіх беларусаў.

Медыйная праца на замежнага спажыўца інфармацыі заўжды была ці не самым слабым звяном ва ўсім нацыянальна-дэмакратычным руху. Гэткая самазацыкленасць як прыярытэт.

Мяркую, беларскім грамадска-палітычным актывістам за мяжой варта скарыстаць свой вымушаны ад’езд з Беларусі для выпраўлення сітуацыі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя