На беларуска-польскай мяжы грамадзянка Эфіопіі нарадзіла дачку, піша памежная ахова Польшчы. Польскія памежнікі знайшлі жанчыну каля паловы на 11-ю дня на ўчастку заставы ў Белавежы. Ёй была патрэбная дапамога: больш за дзесяць гадзін да таго жанчына нарадзіла дзяўчынку.
Памежнікі выклікалі машыну вайсковай медыцынскай дапамогі, яна даставіла маці з дачкой у лякарню ў Гайнаўцы.
Паводле звестак польскіх памежнікаў, вайскоўцы Падляшскага аддзела памежнай аховы ўжо 74 разы аказвалі меддапамогу мігрантам, якія ішлі з тэрыторыі Беларусі. Агулам патрэбу ў медыцынскай дапамозе мелі 109 чалавек. Таксама памежная служба адзначае, што сёлетняй вясной 13 разоў на выклікі выязджалі спецыяльныя пошукава-ратавальныя атрады. Яна аказалі дапамогу 22 замежнікам.