“Шасталы і Стрыкі. Мой першы свет” – такі назоў мае кніга Івоны Зінкевіч, прысвечаная двум так званым “мяшчанскім вёскам” пад Бельскам-Падляшскім. Кнігу выдала аб’яднанне “Музей малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах” Дарафея Фіёніка, прапагандыста мясцовай гісторыі і культуры беларусаў Падляшша.
“Кніга не з’яўляецца манаграфіяй вёсак, а распавядае маю сямейную гісторыю і гісторыю мясцовых жыхароў”, – кажа Івона Зінкевіч.
-Гэта больш успаміны пра людзей, пра падзеі, якія адбываліся, уплеценыя ў большую гісторыю. Гэтыя малыя гісторыі як бы стварылі вялікую. Я вяду ў ФБ старонку – “ Шасталы гісторыя і людзі” і там размяшчаю розныя гісторыі, фотаздымкі, звязаныя з Шасталамі і Стрыкамі. Я думаю, гэта ёсць захаванне гісторыі.
Аўтарка па прафесіі ляснік, яна цягам некалькіх гадоў вядзе інтэрнэт-старонку “Шасталы і людзі”, прысвечаную мінуламу сваёй роднай вёскі.
Прэзентацыя кнігі “Шасталы і Стрыкі. Мой першы свет” і сустрэча з яе аўтаркай Івонай Зінкевіч адбудзецца заўтра (10 сакавіка) у Гарадской бібліятэцы ў Бельску-Падляшскім. Пачатак а 15-тай гадзіне.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя