BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беластоку прэзентавалі кнігу “Палякі на Усходзе. Вусная гісторыя”

У беластоцкім Цэнтры культуры імя Заменгофа прайшла прэзентацыя і творчая сустрэча з рэдактарам кнігі “Палякі на Усходзе. Вусная гісторыя”. На больш як 600 старонках кнігі сабраныя гісторыі палякаў, якія пасля Другой сусветнай вайны засталіся жыць за ўсходнімі межамі Польшчы.

Гаворыць рэдактар кнігі, які непасрэдна запісваў гэтыя вусныя гісторыі – Дамінік Чапіга:

– Мы пачалі выязджаць за ўсходнюю мяжу Польшчы ў 2006 годзе. Мы ехалі, каб выслухаць гісторыі палякаў, якія там засталіся, не выехалі пасля 1945 года. Нам было важна выслухаць тыя гісторыі, якія дагэтуль нікому не апавядалі. Мы ведалі, што калі яны іх нікому не распавядуць, то гэтыя гісторыі разам з гэтымі людзьмі адыдуць. Мы хацелі, каб яны былі занатаваныя, каб трапілі ў архіў. Каб іншыя маглі нават праз сто гадоў даведацца, што яны апавядалі пра сваё жыццё.

Прэзентацыю кнігі “Палякі на Усходзе. Вусная гісторыя” і дыскусію вакол яе правяла аўтарка падобных зборнікаў, але ўжо з гісторыямі жыхароў Падляшша, Анета Прымака-Онішк:

– Я размаўляла з людзьмі, размаўляла з людзьмі тут на Беласточчыне, сабірала іх аповеды. Для мяне гэта вельмі важна сустрэча, вельмі важная кніга. Яна не толькі паказвае нам гэтую рэчаіснасць людзей, якія засталіся на другім баку мяжа, або жылі ў савецкай Беларусі пасля 1921 года.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Кніга “Палякі на Усходзе. Вусная гісторыя” паўстала на аснове экспедыцый у 2006 – 2011 гадах па Беларусі, Літве, Латвіі, Украіне, Расеі, Казахстане і Румыніі. Вынікам якіх сталі запісаныя амаль 1075 рэспандэнтаў і каля 4000 фотаздымкаў і дакументаў. Частка якіх і леглі ў аснову выдання.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя