Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы прапануе дазволіць грамадзянам Беларусі, якія маюць літоўскі від на жыхарства, вяртацца на радзіму толькі ў выключных выпадках – пакуль незразумела якіх. Калі беларусы не будуць выконваць абмежаванні, ведамства прапануе ануляваць іх ВНЖ, піша LRT.
Нядаўна ў Сейме Літвы зарэгістравалі папраўку, якая прапануе ануляваць дазвол на часовае пражыванне беларусам (заадно і расейцам), якія прыязджаюць на радзіму часцей чым раз на месяц. У новай ініцыятыве Дэпартамента дзяржбяспекі размова ідзе ўжо аб тым, каб дазволіць грамадзянам Беларусі ездзіць у сваю краіну толькі ў выключных выпадках.
З сакавіка адкрытымі застаюцца толькі два з шасці памежных пераходаў на літоўска-беларускай мяжы. Аднак, паводле слоў літоўскіх палітыкаў, гэта не прывяло да памяншэння патоку людзей. Цяпер у Літве пражываюць больш за 60 000 беларусаў, некаторыя з іх вяртаюцца на радзіму да сямі разоў у год.
Святлана Ціханоўская раней выступіла супраць паправак аб пазбаўленні беларусаў ВНЖ Літвы з-за вельмі частых паездак на радзіму. Яна лічыць, што людзі, якія ўцяклі ад палітычнага пераследу, і так не могуць вярнуцца дадому, і важна ізаляваць рэжым Лукашэнкі, а не беларусаў.
Беларускае Радыё Рацыя