BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Вільні адбыўся круглы стол Рады БНР

«Актуальнасць ідэалаў 25 сакавіка» – круглы стол Рады БНР на гэтую тэму з удзелам прадстаўнікоў беларускіх ініцыятываў і ўладаў Літвы прайшоў у Вільні на Дзень Волі.

Вядучай імпрэзы была сакратарка Рады БНР Паліна Прысмакова. Круглы стол пачаўся са зварота да прысутных і віншавання з Днём Волі старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

Падчас імпрэзы выступіў і прадстаўнік беларускага бізнесу, віцэ-прэзідэнт АВВА Серж Наўродскі:

— Мы аб’ядноўваем беларускі бізнес, які пераехаў з Беларусі ў іншыя краіны. У нас каля 120 сябраў — не людзей, а кампаніяў. Мы аб’ядноўваемся не проста тым, што мы бізнес, а вартасцямі: перадусім беларускасць, дэмакратычнасць, свабода. Таму ўсе ідэалы, што ўзгаданыя ва ўстаўной грамаце Рады нам блізкія.

На круглым стале прысутнічалі літоўскія палітыкі, якія сябруюць з беларусамі і падтрымліваюць іх. Сярод іх быў і былы мэр Вільні Артурас Зуокас, лідар партыі «Свабода і правасуддзе», які сказаў, што яму не абыякавы лёс Беларусі.

— Я здзіўлены, наколькі шмат арганізацыяў існуе ў Літве, у Вільні. І рады гэта бачыць. І як былы мэр горада заўсёды падтрымліваў і хацеў, каб Вільня была цэнтрам аднаўлення незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Заўсёды падтрымліваў і музей Скарыны, каб адкрыўся, і беларускую школу. І таксама з “Дапамогай” працавалі нямала. І з іншымі ініцыятывамі. Гэта значыць, у асобе мяне, нашай арганізацыі, вы заўсёды будзеце мець сяброў.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

Артурас Зуокас спадзяецца на тое, што літоўцы і беларусы будуць мець шмат агульнага, каб жыць як добрыя суседзі і як незалежныя дэмакратычныя краіны.

На сёння ў Вільні зарэгістравана каля 20 беларускіх арганізацый, якія шчыльна супрацоўнічаюць таксама і з літоўскімі палітыкамі.

Беларускае Радыё Рацыя