BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ганна Канавалава: Я заўсёды на баку маці

На мінулым тыдні стала вядома пра смерць беларускай актывісткі Вольгі Жураўлёвай (Капланоўскай). Яе сын Цімур, які не так даўно быў збіты ў Варшаве групай падлеткаў, цяпер знаходзіцца пад апекай Ганны Канавалавай, маці палітзняволеннай, якая гадуе і ўласных унукаў.

Жанчына – сённяшняя Госця Рацыі – распавяла нашаму радыё пра асаблівасці выхавання маладога пакалення ў эміграцыі, а таксама пра тое, як даведалася пра смерць Вольгі.

– Мне пра смерць сваёй мамы сказаў Цімур, ейны сын. Ён дазнаўся ад сваёй бабулі, што жыве ў Менску. На бабулю выйшлі з беларускай амбасады ў Польшчы. Паліцая дала знаць беларускай амбасадзе, і шукалі ейных родных. І знайшлі маці. У Вольгі маці мае век больш за 70 гадоў. Я думаю, будзе вельмі цяжка вярнуць цела на радзіму, я думаю трэба, каб мы, беларусы, памаглі.
Што да Цімура, то скажу так: хлапец не паправіўся па мінулым жыцці, а на яго звалілася такая бяда. Я заўсёды на боку маці, якая б яна не была. Яна маці. Я вельмі доўга размаўляю з ім пра ўсё, пра жыццё, і тут і там. Я б хацела хлопчыку лепшай долі. Буду старацца яму памагчы, каб ён не нарабіў памылкаў такіх.

РР: Што вы маеце на ўвазе, кажучы, не паправіўся па мінулым жыцці? Тут і напад на яго ўключаны?

– Тут і напад, і ягонае жыццё з маці. У яго цяжкае было жыццё з маці. Напад – гэта фізічны боль. Такое можа быць з кожным. Добра, што ўсё так скончылася, што абышлося без аперацыі. Ён малады, усё загоіцца хутка. Думаю, гэта не пакіне такія душэўныя раны.

РР: На Цімура быў зладжаны напад групай падлеткаў. У маральным плане, псіхалагічным, наколькі складана ён гэта перажываў?

– Ён больш перажываў за нас, за ўсіх, што ён вось так нас падвёў. Бо мы ёсць „rodzina zastępcza“, такі дзіцячы дамок. Усе дзеці пад апекаю ў мяне. Я прыбегла, мы былі з дзецьмі малымі за горадам, за Варшавай. І мне давялося ўсё кінуць і ехаць у Варшаву, каб забраць яго са шпіталю. Мне здаецца, ён больш за гэта перажываў.

РР: Пры ўліку, што цяпер вы клапоціцеся і пра ўнукаў сваіх, ёсць дзеці, пад вашым апякунствам. Наколькі гэта складана, быць вось такой маці, бабуляй, якая пра ўсіх перажывае?

– Я не магу адказаць на гэтае пытанне, бо мне няма з чым параўнаць. Я маю адну дачку, што цяпер за кратамі. Я магу толькі параўнаць, калі адно дзіцё ў хаце, і калі іх чатыры. Але мы ідзём далей, трэба дзяцей выхоўваць, развіваць, карміць і ўсё, што з гэтым звязана. Гэта ўсё адно праца 24/7. Ідзём далей.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле

З Ганнай Канавалавай размаўляла мая калега Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя