“Белавія” пацвярджае гатоўнасць купіць расейскія самалёты. Як заявіў гендырэктар кампаніі Ігар Чаргінец, калі б гэта было магчыма, то ўжо заўтра такія здзелкі былі б заключаны.
«У нас вельмі добрыя адносіны з «Аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыяй», ПАТ «Якаўлеў» – часта сустракаемся, падпісаны пэўныя папярэднія пагадненні. Калі б была такая магчымасць, то ўжо заўтра набылі б МС-21, Sukhoi Superjet New. Аднак пакуль яны праходзяць стадыю выпрабаванняў, дапрацовак і гэтак далей, недастаткова яшчэ ўсіх імпартазамешчаных кампанентаў», – сказаў ён, перадае SB.by.
Чаргінец прызнаў, што выхад гэтых лайнераў на рынак зацягваецца, але гэта не палохае яго.
Нагадаем, нядаўна расейскія СМІ пісалі, што Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя адклала пачатак паставак новых самалётаў МС-21, Superjet 100. МС-21 з’явіцца не раней за 2025 год, а Superjet 100 – толькі ў 2026 годзе, паведамляе reform.by.
МС-21 (“Магістральны самалёт XXI стагоддзя”) – расейскі праект сямейства блізка- і сярэднемагістральных рэактыўных пасажырскіх вузкафюзеляжных самалётаў. Другі пасля Superjet 100 – маштабны расейскі праект у галіне грамадзянскай авіяцыі, які быў створаны без савецкага задзелу. У адрозненне ад Superjet, разлічанага на нішу рэгіянальных самалётаў (далёкасць палёту – каля 3 тыс. км), МС-21 разлічаны на ажыццяўленне палётаў на адлегласці каля 6 тыс. км і ствараецца ў якасці замены лайнерам Ту-154 і Ту-204/214. , а таксама ў якасці альтэрнатывы замежным самалётам Airbus А320 і Boeing 737.