Расейскія авіякампаніі могуць запусціць прамыя рэйсы паміж Масквой і Гародняй – гэта вынікае з тэлеграмы Расавіяцыі, якая была разасланая расейскім авіякампаніям, перадае ТАСС. У ёй ведамства просіць авіякампаніі прадставіць інфармацыю пра цікавасць да палётаў з гарадоў Расеі ў Гародню.
“У адпаведнасці з лістом Генконсульства РФ у Гародні просім у тэрмін да 18 красавіка прадаставіць <…> інфармацыю пра зацікаўленасць вашых авіякампаній у выкананні палётаў па маршрутах з пунктаў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ў Гародню (Рэспубліка Беларусь)”, – адзначаецца ў тэлеграме.
Пакуль прамыя палёты ў Расею (Масква, Санкт-Пецярбург, Казань, Сочы) ажыццяўляюцца з Менска, Гомеля і Берасця.
Гарадзенскі аэрапорт уведзены ў эксплуатацыю ў 1983 годзе. Зараз ён не абслугоўвае рэгулярныя рэйсы. Аднак у мінулым годзе мясцовыя ўлады паведамлялі, што аэрапорт тэхнічна гатовы да аднаўлення рэгулярных рэйсаў.