BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

 У «Белавіі» ідуць масавыя звальненні людзей з палітычных прычынаў

З 2021 года ў «Белавія» ідуць масавыя звальненні людзей з палітычных прычынаў. Скарачаюць пілотаў, бортправаднікоў, тэхнічны персанал. Некаторыя з іх пабывалі за кратамі. Пра тое, што адбывалася ў авіякампаніі апошнія гады і як рэпрэсіі ўплываюць на бяспеку палётаў, «Люстэрка» пагутарыла з крыніцай, знаёмай з сітуацыяй.

Паводле словаў крыніцы, пачынаючы з 2021 года ў «Белавія» рэгулярна звальняюць людзей праз іх палітычную пазіцыю. Скарачэнні закранулі пілотаў, тэхнічных спецыялістаў, бортправаднікоў. Некаторых з іх затрымлівалі і саджалі на «суткі».

У 2023 годзе рэпрэсіі прадаўжаліся. Адной бортправадніцы далі тры гады «хіміі». Некалькі чалавек звольнілі – сярод іх былі пілоты, другія пілоты і нават капітаны.

Пад скарачэнні ў асноўным патрапілі супрацоўнікі авіякампаніі, якія актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах летам і восенню 2020 года. Крыніца кажа, што тады многія ягоныя калегі выступілі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. Падтрымаў супрацоўнікаў нават прафзвяз «Белавія».

Крыніца ўспамінае і іншую знакавую падзею восені 2021 года – мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Польшчы. Паводле ягоных словаў, тады самалёты «Белавія» былі запоўненыя людзьмі з Сірыі і іншых краінаў Блізкага Усходу.