BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вялікія чэргі легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў на мяжы з Літвой і Польшчай

Чэргі з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў утварыліся і на беларуска-літоўскай, і на беларуска-польскай межах. У чатах людзі скардзяцца на стомленасць з-за сутак прастою і адсутнасці магчымасці ўвесь гэты час прыняць банальны душ.

Фота: t.me/infotransby

“Сон — урыўкамі, гігіены — нуль”, — пішуць у адным з чатаў беларусы, якія чакаюць уезду ў Літву. У чаце тых, хто чакае ўезду ў ЕЗ на беларуска-польскай мяжы распавядаюць, што за 100 рублёў кіроўцы згаджаюцца прыняць пасажыраў у аўтобус, які стаіць у чарзе бліжэй да мяжы. Гэта прыкладны кошт усяго падарожжа з Берасця да Варшавы, то бок, за нежаданне правесці доўгія гадзіны ў чарзе даводзіцца плаціць двойчы.

Паводле звестак беларускіх памежнікаў, наўпрост цяпер магчымасці ўехаць у Польшчу праз пункт пропуску “Брэст” чакае 180 легкавых аўтамабіляў. Магчымасці ўехаць у Літву чакаюць 120 аўто.

Для аўтобусаў сітуацыя таксама не вельмі добрая: на беларуска-польскай мяжы іх ужо больш за сорак.

Нагадаем, што з 1-га сакавіка гэтага года на беларуска-літоўскай мяжы засталіся працоўнымі толькі два памежныя пераходы: “Мядзінінкай”- “Каменны Лог” і “Шальчынінкай”- “Беняконі”.  Акрамя таго, падарожнікам забаранілі перасякаць мяжу з Беларуссю праз літоўскія пункты пропуску пешшу і на ровары. На беларуска-польскай мяжы для легкавых аўто працуе толькі адзін памежны пераход “Брэст-Цярэспаль”.

Беларускае Радыё Рацыя