На поўдні Падляшша, на звілістым беразе ракі Буг, дзе ўжо бачная Беларусь, а да Берасця ўсяго паўтара дзясятка кіламетраў, ляжыць невялікая вёсачка Пратулін.
Гэта зараз тут пражываюць усяго каля паўсотні жыхароў. Але 150-гадоў таму, у студзені 1874 года да мясцовай грэка-каталіцкай царквы Святой Тройцы выйшлі да паўтысячы вернікаў, каб абараніць сваю веру і свой храм ад царскіх уладаў. У выніку расстрэлу салдатамі, загінулі 13 вернікаў, а храм быў зачынены і неўзабаве разабраны. Яшчэ пяцёра грэка-каталікоў загінулі пры падобных падзеях у вёсцы Дралёва.