BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Атрымалі дзяржаўныя грошы – давайце і нешта дзяржаве ўзамен

Шэраг беларускіх прадпрыемстваў атрымалі сур’ёзную дзяржаўную падтрымку. Урад прыдумаў, як яны аддзячаць за такую дапамогу.

Фота: bck.by (Беларускі цэментны завод)

Савет міністраў павялічвае долю дзяржавы ў статутным фондзе сямі прадпрыемстваў, якія ў мінулым годзе атрымалі фінансавую падтрымку амаль на 60 млн рублёў. Гэта вынікае з пастановы, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Сярод іх у асноўным прадстаўнікі дрэваапрацоўкі і сумежных галін: “Гомельдрэў”, “Івацэвічдрэў”, Светлагорскі ЦКК, “Беларускі цэментны завод”, “Гомельшкло” і некаторыя іншыя. Гэтыя прадпрыемствы ўжо і так больш як на 50 працэнтаў, а ў некаторых выпадках больш як на 90 працэнтаў належалі дзяржаве. Цяпер доля дзяржавы ў іх яшчэ больш павялічылася. (news.zerkalo.io)

У Польшчы паведамілі пра аднаўленне паставак яблыкаў у Беларусь

Беларусь з 1 красавіка зноў пачала купляць польскія яблыкі. За тыдзень, да 7 красавіка, польскія кампаніі паставілі на беларускі рынак больш за 2 тысячы 191 тон гэтай прадукцыі, піша выданне Sadyogrody. З улікам таго, што рэальна гандаль ішоў толькі чатыры дні, атрымліваецца, што ў Беларусь паступала ў сярэднім па 22-23 вагоны яблыкаў у дзень, піша Office Life. Польская крыніца адзначыла, што пакуль дасягнута дамоўленасць аб пастаўках на чатыры месяцы – да канца ліпеня.

Цікава, што восенню ў Беларусі паведамлялі, што краіна не мае патрэбы ў імпарце польскіх яблыкаў. І нават імпарт гэтай прадукцыі ў рэспубліку за першыя сем месяцаў мінулага года ўпаў на 40 працэнтаў.

Беларусь зноў падняла кошт малака для Расеі

Эканамічныя ўлады Беларусі чарговы раз змянілі экспартныя цэны на малако для расейскага рынка. Цяпер цана малака і вяршкоў рознага віду тлустасцю больш за 1,5% для Расеі павялічылася на 5 расейскіх рублёў і склала 345 рублёў за кілаграм. Цэны на іншыя віды мяса і малочнай прадукцыі не змяніліся.

Тым часам стала вядома, што беларуская малочная прадукцыя ў Расеі губляе сваю папулярнасць. Як высветліў Thinktanks, толькі адзін дыстрыб’ютар з дзесяці, які складае профільную тавараправодную сетку на малочным рынку, завяршыў мінулы год з невялікім прыбыткам. Астатнія – або са скарачэннем прыбытку, або са стратамі.

Сітуацыя з бюджэтным дэфіцытам у Польшчы

Па стане на пачатак красавіка дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту ў Польшчы склаў 24 мільярды злотых, або 13 працэнтаў плану на цэлы год, паведаміў міністр фінансаў Анджэй Даманскі ў размове для Radiо Zet. Паводле яго, бюджэт пасля першых трох месяцаў года выглядае добра. Міністр удакладніў, што даходы склаліся на ўзроўні 146 мільярдаў злотых, гэта рост на 17 працэнтаў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Выдаткі склалі каля 170 мільярдаў злотых.

У бюджэтным дакуменце закладзена, што па выніках бягучага года дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту не павінен перавысіць 184-х мільярдаў злотых.

Беларускае Радыё Рацыя