BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь будзе ствараць айчынныя аперацыйныя сістэмы

У Беларусі плануюць стварыць уласны інтэрнэт-аглядальнік і аперацыйную сістэму. Савет па праектах у сферы лічбавага развіцця пры Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі зацвердзіў асноўныя кірункі пілотных праграм. Пра такія планы ведамства паведаміла ў сваім тэлеграм-канале. Паводле кіраўніка Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, зацверджаныя такія напрамкі, як “стварэнне айчынных аперацыйнай сістэмы, сістэмы забеспячэння асяроддзя віртуалізацыі, комплексу офісных праграм і вэб-аглядальніка”. Рэалізацыя гэтых праектаў з’яўляецца “важнай задачай для забеспячэння стабільнай працы ўсіх уцягнутых у эканоміку арганізацый і якаснага жыцця грамадзян”, — сказаў міністр.

Чыноўнік прызнаў, што гэта няпростая задача, аднак краіна імкнецца да стварэння “лічбавага суверэнітэту”.

У Беларусі адрамантавана толькі 22% ямаў на дарогах

Аляксандр Лукашэнка загадаў чыноўнікам адрамантаваць дарогі да 9 траўня. Тым часам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла ў эфіры тэлеканала СТБ прызнаў, што тэмп ліквідацыі ямаў на дарогах краіны “не зусім дастатковы”, паведамляе “Позірк”. Паводле чыноўніка, у сталіцы краіны Менску тэмпы высокія, але агулам па краіне ямачны рамонт зроблены толькі на 22% так званых прыдамавых тэрыторый. Трубіла паведаміў, што ў рамках дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” неабходна зрабіць добраўпарадкаванне, у тым ліку ямачны рамонт, асфальтаванне дваровых праездаў амаль 1,6 тыс. дваровых тэрыторый.

У 2023 годзе на дарожныя мэты было патрачана каля 1 мільярда рублёў. Сітуацыя ўскладнілася ў сувязі з санкцыямі, якія ўвялі супраць Беларусі пасля ўварвання Расеі ва Украіну. На цяперашні момант эўрапейскія і міжнародныя структуры не фінансуюць беларускіх дарог.

Больш за 100 прадстаўнікоў бізнесу і ўлады Кітая сустрэнуцца ў Берасці

Міжнародны форум дзелавых кантактаў “Брэст – Кітай. Стратэгічнае партнёрства” адкрыецца 23 красавіка. Больш за 250 удзельнікаў мерапрыемства з абодвух бакоў абмяркуюць павелічэнне двухбаковага тавараабароту.

“Прыехаць на форум выказалі жаданне больш за 100 нашых кітайскіх партнёраў. Гэта прадстаўнікі органаў улады, бізнесу, сацыяльнай сферы. Падпішам мемарандумы, пагадненні. Чакаем… павелічэння тавараабароту паміж Берасцейскай вобласцю і КНР”, – цытуе сайт берасцейскага аблвыканкама словы яго намесніка старшыні Міхаіла Бацэнкі. Асобным пунктам праграмы мерапрыемства павінна стаць падрыхтоўка да візіту гэтым летам дэлегацыі кітайскай правінцыі Ляанін – новага партнёра берасцейскага рэгіёна.

Беларускае Радыё Рацыя