BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларусь з пачатку года падвоіла аб’ёмы паставак яек у Расею

Пастаўкі курыных яек з Беларусі ў Расею з пачатку года павялічыліся ўдвая і склалі 11,7 мільёна штук, паведаміла прэс-служба Рассельгаснагляда. Такую колькасць курыных яек Беларусь прадала ў Расейскую Федэрацыю ў першай дэкадзе студзеня. У ведамстве таксама адзначылі, што Беларусь стабільна пастаўляе харчовыя яйкі ў Расею: сярэднегадавы аб’ём складае больш за 630 мільёнаў штук.

У канцы мінулага года стала вядома, што ў Расеі склалася сітуацыя з вострым дэфіцытам на рынку курыных яек. Гэта прызнаў нават Уладзімір Пуцін падчас адной з прэс-канферэнцый. Улады Беларусі паабяцалі забяспечыць расейскі рынак яйкамі без страт для ўнутраных патрэб. Паводле міністра сельскай гаспадаркі Сяргея Барташа, у Беларусі за месяц вырабляецца яек на 50% больш, чым спажывае насельніцтва, піша “Наша Ніва”.

Сусветны банк прагназуе рост ВУП Беларусі сёлета на 0,8%

Сусветны банк апублікаваў студзеньскі выпуск свайго прагнозу “Перспектывы сусветнай эканомікі”. У ім рост ВУП Беларусі ў 2024 годзе ацэнены ў 0,8%. Такія ж тэмпы банк прагназуе на 2025 год, – піша reform.by.

Паводле Сусветнага банка, прырост беларускага ВУП у 2023 годзе складзе 3%. Трэба адзначыць, што Белстат па выніках студзеня-лістапада паведамляў аб росце беларускай эканомікі ў 3,8%. Чакаецца, што гадавыя звесткі аб дынаміцы ВУП будуць апублікаваны на наступным тыдні.

Кітайскія пральныя машыны запатрабаваныя ва ўсім свеце

Кітай нарасціў экспарт пральных машын па выніках 11-ці месяцаў мінулага года. Як піша Myfin.by, агулам экспарт склаў 5 мільярдаў 210 мільёнаў даляраў, што амаль на 700 мільёнаў даляраў больш у паранаўнні з аналагічным перыядам пазамінулага года.

Самыя важныя рынкі збыту для кітайскіх пральных машын – гэта Францыя, Італія, Вялікабрытанія, Бразілія, Аўстралія, Мексіка і Тайланд. Калі казаць пра Беларусь, то летась за 11 месяцаў экспарт кітайскіх пралак склаў амаль 41 мільён даляраў.

Кватэры ў Польшчы будуць яшчэ даражэйшыя

Калі новая крэдытная праграма ў Польшчы ўступіць у сілу, як было абвешчана, кошт кватэр вырасце. Не выключана, што згаданы рост будзе двухзначным, паведамляе Rzeczpospolita. Газета нагадвае, што новы ўрад плануе ажыццявіць праграму “Кватэра на старт”, якая прадугледжвае яшчэ больш танныя крэдыты (пад ад 0 да 1,5 паўтара) ў залежнасці ад памеру сям’і. Сума крэдыту не будзе абмежаваная, але дзяржаўныя субсідыі будуць прымяняцца толькі да яго часткі.

Паводле экспертаў рынку нерухомасці, кожная праграма жыллёвай падтрымкі спрыяла павышэнню цэн. Акрамя таго, на рост цэн паўплывае дысбаланс паміж попытам і прапановай.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.