BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Эксперты папярэдзілі беларусаў, каб рыхтаваліся да скачка цэн

У Беларусі захоўваюцца рызыкі, што рост цэн на тавары і платныя паслугі паскорыцца. Такі прагноз зрабілі эксперты Еўразійскага банка развіцця. На іх думку, адна з прычын гэтага – дзяржаўнае рэгуляванне цэн.

Як нагадвае news.zerkalo.io, у сакавіку, як і ў лютым, гадавая інфляцыя ў Беларусі была на ўзроўні 5,6% гадавых. Пры гэтым аналітыкі ЕАБР адзначаюць: «Ва ўмовах дзеючага адміністрацыйнага рэгулявання, цэны вельмі абмежавана могуць рэагаваць на рост унутранага попыту, што фарміруе інфляцыйны ціск у сярэднетэрміновай перспектыве».

Раней эксперты ўжо прагназавалі адкладзены рост цэн з прычыны дзяржаўнага рэгулявання. Што цікава, на мінулым тыдні і Аляксандр Лукашэнка заявіў пра тое, што не ведае, да чаго прывядзе рэгуляванне цэн. «Але калі ўрад не праваліць, гэта будзе ўнікальная аперацыя ў рынкавай, так бы мовіць, эканоміцы», – сказаў Лукашэнка.

Урад Беларусі абвясціў чарговы суботнік.

Рэспубліканскі суботнік сёлета пройдзе ў Беларусі 20 красавіка. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр, напісала прэс-служба ўраду. Грошы, заробленыя ў гэты дзень, у тым ліку на працоўных месцах, размяркуюць наступным чынам:

35% накіруюць Гомельскаму аблвыканкаму на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу ў Красным Беразе Жлобінскага раёну;

35% аддадуць Берасцейскаму аблвыканкаму на стварэнне рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі;

30% пералічаць на рэканструкцыю і аднаўленне мемарыяльных комплексаў, мясцін баявой і ваеннай славы, размешчаных у абласцях і ў Менску.

Суботнік – гэта савецкая традыцыя, якой трымаецца Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі забаранілі папулярную дзіцячую вопратку

У Беларусі забаранілі прадаваць дзіцячую вопратку папулярнага турэцкага брэнда LC WAIKIKI. Дзяржстандарт знайшоў мноства парушэнняў у вырабах. Пад забарону трапілі бодзі, камбінезоны для нованароджаных, кашулі, талстоўкі і штаны для дашкольнікаў і школьнікаў, а таксама заплечнікі, паведамляе Tochka.

Спецыялісты прыйшлі да высновы, што ў вопратцы для нованароджаных неправільна выкананы злучальныя швы, што ў выніку можа раздражняць скуру дзяцей. У адзенні для дашкольнікаў і школьнікаў не былі выкананыя паказчыкі гіграскапічнасці і паветрапранікальнасці — яны ніжэйшыя, чым неабходна. У школьных партфелях брэнда адсутнічаюць святлоадбівальныя элементы, якія абавязковыя для такой прадукцыі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Кацярына Кузміна, РБК.