BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Парасячы віск” і правальная праца аграрыяў

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па сельскай гаспадарцы агучыў факты злачынстваў у АПК. Лукашэнка распавёў, што летась па лініі барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі кожнае пятае злачынства датычыла сферы сельскай гаспадаркі. Пераважаюць злачынствы, звязаныя са службовай падробкай, павялічылася колькасць крадзяжоў. Акрамя таго, у бягучым годзе пры кантролі за рухам жывёлы распачаты 104 крымінальныя справы за прыпіскі.

Лукашэнка прывёў канкрэтны прыклад па Любані Менскай вобласці: «Не ведаю нават, як назваць гэтых людзей, дайшлі да таго, што канфіскоўвалі са скотамагільнікаў тушы заняпалай буйной рагатай жывёлы, разбіралі іх і прадавалі на «мяса» насельніцтву», — распавёў Лукашэнка.

І што важна, Лукашэнка агулам на нарадзе раскрытыкаваў аграрыяў, заявіўшы, што ў мінулым годзе сельская гаспадарка спрацавала правальна, не дацягнуўшы да паказчыкаў 2022 года. Ён заклікаў нарошчваць вытворчасць, забыць пра санкцыі ды імпартную тэхніку, а таксама максімальна перапрацоўваць сыравіну, «нават парасячы віск».

Затрыманыя два кіраўнікі аграпрадпрыемстваў Гарадзенскай вобласці

Аператыўнікамі Гарадзенскай вобласці “выяўлены факты сістэмнай дзелавой карупцыі дваіх кіраўнікоў аграпрадпрыемстваў”, паведаміла  МУС. У прыватнасці, “за вырашэнне пытанняў па выбары пастаўшчыка прамысловага абсталявання для патрэб сельгасарганізацый, пачынаючы з кастрычніка мінулага года, фігуранты атрымалі ў якасці хабараў звыш 35 тыс. Рублёў”. “У надзеі схаваць сляды злачынства адзін з іх адразу ж абменьваў грошы ў банку”, — сцвярджаецца ў рэлізе.

“Следчымі распачатыя крымінальныя справы за хабарніцтва, затрыманым пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Устанаўліваюцца іншыя эпізоды іх злачыннай дзейнасці”, — адзначаецца ў паведамленні.

У Ізраілі гарэлку «Belarus» прызналі небяспечнай для здароўя

Міністэрства аховы здароўя Ізраіля перасцерагае насельніцтва ад ужывання кантрафактнай алкагольнай прадукцыі. У паведамленні згаданыя: гарэлка «Belarus», гарэлка «Rabinoff» і спірт «96,6%», піша newsru.co.il. Прадукты не адпавядаюць стандарту, некаторыя з іх утрымліваюць анамальны працэнт метанолу, іншыя ўтрымліваюць трэ-бутанол, які забаронена выкарыстоўваць у алкагольнай прадукцыі, бо ён можа выклікаць раздражненне скуры і вачэй», — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя.

Гарэлка «Belarus» (1 л) была праведзена ізраільскай кампаніяй «Гадзі». Пра небяспеку ўжывання гэтай гарэлкі Міністэрства аховы здароўя Ізраіля папярэджвала неаднаразова.

Дзе ў свеце прадаюць больш за ўсё трускалак

Мексіка, Іспанія і ЗША ўвайшлі ў тройку найбуйнейшых у свеце экспарцёраў трускалак за 2022 год. Такімі дадзенымі падзялілася платформа ААН Comtrade. З найбліжэйшых суседзяў Беларусі самым буйным экспарцёрам трускалак стала Польшча — у яе 17 месца. На 43 месцы — Латвія, на 52 — Украіна, а на 62 — Літва. Беларусі ў топ-95 краін-экспарцёраў трускалак увогуле няма.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: osipovichi-region.by.