BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польскаму злотаму ўжо 100 гадоў

З гэтай нагоды Нацыянальны банк Польшчы ўвёў у абарачэнне калекцыйную сярэбраную манету. Манета мае калекцыйную і гістарычную каштоўнасць, а таксама незвычайную квадратную форму памерам 4 на 4 см, манета двухколерная з пазалотай, утрымлівае сімвалічныя матывы.

Фота: nbp.pl

Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы ў лістападзе 1918 года было хутка прынята рашэнне заснаваць новы эмісійны банк і ўвесці новую польскую валюту – злоты. Аднак дэбют злотага адбыўся толькі ў красавіку 1924 года. Выява рэверсу і аверсу залатоўкі ўзору 24 года і размешчаныя на калекцыйнай манеце. Калекцыйны злоты выпушчаны ў абарачэнне максімальным накладам 10 000 штук. Кошт манеты – 400 злотых. Манеты прадаюцца ў спецыяльнай ўпакоўцы разам з сертыфікатам.

Чарговая эмісія запланавана на 14 мая, калі Нацбанк Польшчы выпусціць у абарачэнне калекцыйныя манеты «230. гадавіна паўстання Касцюшкі»: залатую манету наміналам 100 злотых і сярэбраную наміналам 50 злотых.

«Нафтавыя» Наваполацк і Мазырскі раён сыходзяць у мінус

Мазырскі раён і горад Наваполацк сталі самымі стратнымі рэгіёнамі Беларусі ў студзені-лютым бягучага года. Страты першага за гэты перыяд склалі 78 млн рублёў, а другога – цэлых 192 млн. І гэта вельмі дзіўна, бо менавіта ў Мазыры і Наваполацку працуюць два нафтаперапрацоўчыя заводы.

Кіраўнік праекта «Кошт урада», эканаміст Уладзімір Кавалкін звязвае страты «нафтавых» рэгіёнаў менавіта з нафтаперапрацоўчымі заводамі, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. Бо пасля расейскага ўварвання ва Украіну яны страцілі некалькі буйных рынкаў збыту. «Страты можна стварыць – як аб’ектыўна, так і штучна. Другое, гэта калі грошы забіраюць на якія-небудзь патрэбы бюджэту. З абʼектыўных прычын, гэта страта прэміяльнага ўкраінскага рынку, куды ішло вельмі шмат нафтапрадуктаў. Па сутнасці, гандляваць на ім стала немагчыма. А беларускі і расейскі рынкі не зʼяўляюцца высокапрыбытковымі», – распавёў эксперт для «Еўрарадыё». На страту рынкаў накладаюцца і санкцыі, дадаў ён.

У якім бізнесе беларусы найлепшыя? Меркаванне эканаміста Данейкі

Пра тое, які беларускі бізнес і чаму зʼяўляецца самым паспяховым, расказаў вядомы эканаміст, адміністратыўны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Павел Данейка ў новым выпуску ТОКу.

Што ж умеюць рабіць беларусы? Эканаміст заўважыў, што цікавым прыкладам зʼяўляецца беларускі будаўнічы бізнес. Гэты беларускі бізнес у рэлакацыі «рухаецца па ўсёй Еўропе», і Данейка тлумачыць чаму: «Будаўнічы бізнес – квінтэсенцыя нявызначанасці і крызісаў. Там увесь час трэба разграбаць. А мы выраслі пад ціскам Лукашэнкі ў крызісах. Мы навучыліся ўсё вельмі хутка мяняць, знаходзіць новыя рашэнні, адаптавацца».

Па словах Данейкі, здольнасць адаптавацца да змен абапіраецца яшчэ і на такую рэч, як адсутнасць замежных інвестыцый. На погляд эканаміста, пошук уласных рашэнняў вельмі добра адбіўся на яшчэ адной беларускай галіне – сферы ІТ.

Беларускае Радыё Рацыя