BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

165 гадоў з дня нараджэння Кіпрыяна Кандратовіча

Вайсковец, генерал, міністар Беларускай Народнай Рэспублікі з’явіўся на свет 28 красавіка 1859 года ў вёсцы Зіневічы (Лідскі раён). Фактычны сын графа Юрыя Трубяцкога, павятовага суддзі. Маці – Зінаіда Залеская – дачка уласніка маёнтка Місевічы каля Зіневіч, выйшла замуж на шляхціца Кандратовіча, чыё прозвішча і імя па бацьку Кіпрыян і атрымаў. Трубяцкія дапамагалі выхоўваць малога Кіпрыяна, далі магчымасць атрымаць адукацыю і пачаць ваенную кар’еру. Вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе. Ваенную службу пачаў у 1875 г. у Вільні.

Удзельнічаў у расейска-турэцкай вайне 1877-78 гг. у шэрагах грэнадзёрскага корпуса. Праз некалькі год пасля вайны, у час навучання ў акадэміі, напісаў кнігу “Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.”. Удзельнічаў у так званай кітайскай кампаніі 1900 года – здушэнні “паўстання баксёраў”. Служыў на Далёкім усходзе. Каля 1910 г. пабраўся шлюбам з Адай фон Рыхтар, дачкой расейскага генерала фон Рыхтара. Адзіная дачка Вера нарадзілася ў 1912 г. у Тбілісі, калі Кандратовічу было 53 гады.

У пачатку 1-й сусветнай вайны быў у складзе расейскага войска ў Саколцы, потым у Беластоку. Войска ў выніку разладу ў камандаванні дзеіла хаатычна. Корпус Кандратовіча перамяшчаўся ў балтыйскім кірунку. Урэшце летам 1915 г. разам з многімі іншымі вайсковымі кіраўнікамі быў адхілены з генеральскай пасады. Стаў шукаць свой далейшы шлях.

На момант адстаўкі, неаднаразова паранены ў баях беларускі генерал, меў 61 год. Кандратовіч працаваў над стварэннем беларускага войска – стрыжнем будучай дзяржавы. У 1917 г. на з’ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду. Узяў на сябе працу па фармаванні беларускіх палкоў на Заходнім фронце і па перамовах са Стаўкай расейскага войска. Распрацаваў адпаведны план і атрымаў дазвол на стварэнне беларускага палка ў Менску, а ў наступным і беларускага корпуса на Заходнім фронце. Але рэвалюцыя 7 лістапада перакрэсліла магчымасць легальнага стварэння беларускага войска.

На пачатку траўня 1918 г. на месцы Народнага сакратарыяту БНР была створана Рада міністраў пад кіраўніцтвам Рамана Скірмунта. Міністрам ваенных спраў быў прызначаны Кандратовіч. Ён прапанаваў праект арганізацыі 200-тысячнага беларускага войска і паведаміў, што віленскія банкіры ў падтрымку гэтай ідэі гатовы выдаткаваць значныя фінансавыя сродкі. Адзінай перашкодай, паводле Кандратовіча, была неабходнасць згоды немцаў і пастаўка праз іх зброі. У канцы 1918 г. у Гародні сфармаваў штаб – Беларускую камендатуру і 1-ы беларускі полк, які да канца красавіка 1919-га размяшчаўся ў Александраўскіх казармах і складаўся з 5 ротаў і 1 эскадрона. У складзе дэлегацыі БНР вёў перамовы ў Парыжы.

Пасяджэнне Вялікай беларускай рады і ЦБВР у 1917 г. Кіпрыян Кандратовіч у першым радзе пяты справа

Пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям’я купіла маёнтак Гародна ў Лідскім павеце. Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла прыслугу. Памёр 31.10.1932 г. Быў пахаваны на Лідскіх праваслаўных могілках. У верасні 1939 г. Ада Кандратовіч змушана была з’ехаць да дачкі ў Англію. У жніўні 1998 г унук прыязджаў на Беларусь і перапахаваў труну генерала на новых могілках у Воранаве. У траўні 2000 года труна з рэшткамі генерала была перапахавана каля царквы ў Воранаве каля праваслаўнай царквы.

Беларускае Радыё Рацыя