
Ужо 42 дні ад палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк няма ніякіх звестак. За гэты час да яе не пусцілі адваката. Яе муж Андрэй Шарэнда перасцерагаецца, што супраць Паліны пачаў дзейнічаць так званы рэжым камунікада:
– Рэжым дзейнічае гэтак жа супраць іншых палітвязняў. Сувязі з Мікалаем Статкевічам няма ўжо больш за год. Гэтая сітуацыя, зразумела што яна нервуе родзічаў. Калі мы больш за месяц не ведаем, што з Палінай, то зразумела што з ёй робіцца штосьці няладнае. Мы бачым узмацненне ціску, на жаль выпадак з Аляксеем Навальным, ён быў забіты пуцінскім рэжымам. У думках хваляванне за жыццё сваіх родных, за жыццё палітвязняў.
Андрэй Шарэнда ўпэўнены, што толькі пільная ўвага грамадскасці і міжнародны ціск можа выратаваць беларускіх палітвязняў і паспрыяць іх вызваленню.
Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў калоніі №24 Зарэчча для жанчын-рэцэдывістак.
Беларускае Радыё Рацыя