BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

8 сакавіка ў Польшчы – сутыкненне цывілізацый

Польшча была ў арэале Савецкага Саюзу з невялікім сорак гадоў. Таму, відаць, у людзей старэйшай генерацыі 8 сакавіка тут па сэнсе і эстэтыцы бліжэй да таго, што ведаем мы, выхадцы з былой сацыялістычнай імперыі. З іншага боку ў Польшчы цікава жыўцом назіраць тое, пра што раней чытаў толькі ў падручніках па гісторыі. Пра 8 сакавіка як сімвал барацьбы за правы.

«Дарагія жэншчыны, унываць не нада,

Бо надзёжная рука будзе з вамі радам».

Гэты кароткі ўрывак з песні «дарагія жэншчыны» Лявона Вольскага для іранічна-саркастычнага праекту «Крамбамбуля» цалкам адлюстроўвае сутнасць 8 сакавіка ў познім СССР з пераносам ужо ў лукашэнкаўскія рэаліі. А менавіта тое, што вы, жанчыны, грамадзяне другога гатунку, але раз на год маеце свой дзень увагі.

Паралельна гэта быў дзень адкрытага міжполавага флірту з дазволеным злоўжываннем алкаголем на працоўных месцах.

Сюсюканне ў стылі савецкага «Васьмога марта» я цяпер бачу ў рэкламе некаторых беларускіх бізнесоўцаў Польшчы, якія арыентуюцца на сваіх суайчынніц і наагул выхадцаў з былога СССР.

Тым часам Польшча ўяўляе з сябе сумесь дзікага капіталізму і сацыялізму савецкага ўзору. Дзе па дакументах жанчына роўная мужчыну, а насамрэч – не.

Не дзіва, што напярэдадні 8 сакавіка ў цэнтры Варшавы кабетам раздавалі ўлёткі з прапановай далучыцца да Сацыяльнага Кангрэсу Жанчын, ініцыятывы, якая змагаецца, прынамсі, за роўную з мужчынамі аплату працы.

Наагул новапрыбылым у Польшчу беларусам цяжка даюцца рэаліі з пастаяннай эквілібрыстыкай законамі ды іх артыкуламі. Напрыклад, вы можаце распаліць у лесе вогнішча, прыедзе ляснік, і пачне вас штрафаваць са спасылкай на той ці іншы артыкул заканадаўства, але вы як контраргумент назавіце іншы артыкул, і ляснік паедзе сабе далей.

Тое самае і з працоўным заканадаўствам, калі кабеце прасцей прыняць звальненне ці недаплату па працы, чым мець цяжбу з уладальнікам фірмы.

Фізічнае згвалтаванне, якое нядаўна скалыхнула ўсю Польшчу на прыкладзе беларускі Лізы, – гэта толькі вершаліна айсбергу праблемы.

Але скончыць тэму 8 сакавіка ў Польшчы вачыма беларусаў я хачу цытатай з допісу варшавянкі Святланы Курс, беларускай пісьменніцы, якая прынцыпова іранічна ставіцца да 8 сакавіка:

«Мая бабка відаць таксама ў гэтым ня кеміла нічога. Калі яе сусед Жэня віншаваў: «З восьмым мартам, бабо!», яна культурна адказвала: «І вас такжа!»

Усім правоў і дабра!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя