BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Аналагаў няма”

З верасня 2024 года ў расейскіх школах нейтральны і міралюбівы прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” заменяць на новы – “Асновы бяспекі і абароны Радзімы”. Ужо і выпусцілі падручнік, які заклікае старшакласнікаў ісці ў войска (чытай – гарматным мясам на вайну).

Можна здагадацца з трох разоў, што выкладаць новы прадмет будуць “героі СВА”. На сённяшні дзень
дэфіцыт кваліфікаваных кадраў у гэтай сферы сярод настаўнікаў відавочны, але да верасня выкладчыцкі фонд абавязкова папоўніцца – з фронту вернуцца свежаазвярэлыя забойцы і гвалтаўнікі, гатовыя перадаць вопыт і веды дзецям.

Па новых стандартах расейскія юнакі і дзяўчаты павінны, у першую чаргу, “сфармаваць антыэкстрэмісцкую і антытэрарыстычную асобасную пазіцыю”, што, пагадзіцеся, зрабіць складана ва ўмовах пануючай экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзяржаўнай ідэалогіі; а таксама ведаць аб ролі РФ у сучасным свеце і яе ўзброеных сілах (хто ж не ведае!); умець распазнаваць фэйкі
(лепш – як іх ствараць). У падручніку па новым прадмеце асобны раздзел прысвечаны анексіі Крыма ў 2014 годзе, толькі ў іх гэта называецца «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці», цэлям так званай СВА і яе «героям».

Адным з прапагандысцкіх тэзісаў ёсць сцвярджэнне, што РФ ваюе сумленна, а Украіна “б’е па грамадзянскай інфраструктуры”. Але ўсё яшчэ непасільнай задачай для расейскай улады застаецца кантроль за кожным педагогам. Хоць такі кантроль ажыццяўляюць самі школьнікі – у лепшых традыцыях стукацтва. У пачатку поўнамаштабнай вайны некаторыя настаўнікі на ўроках выступалі з рэзкай крытыкай палітыкі Крамля, пасля чаго на іх былі заведзены крымінальныя справы за распаўсюджванне лжывай інфармацыі аб узброеных сілах РФ. На падставе аўдыязапісаў вучняў, зразумела. “Аналагаў няма” і падручнікам, і людзям з іх татальным вар’яцтвам.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя