BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Чаго баяцца і пра што мараць дзеці рэпрэсаваных беларусаў?

Гарадзенская псіхалагіня, заснавальніца і дырэктарка дзіцячага хоспіса, ліквідаванага ўладамі ў жніўні 2021 году, Вольга Вялічка прэзентавала ў Лодзі сваю кнігу “Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме”. Выданне сталася вынікам яе двухгадовай працы з дзецьмі беларускіх палітрэпрэсаваных.

У кнізе сабраныя не толькі згадкі аб трагедыях, якія адбыліся ў сем’ях, а таксама сны, мары і казкі, напісаныя дзецьмі, каб перажыць траўму. Іх вопыт перагукаецца з пакутамі дзяцей і бацькоў, пацярпелых ад рэпрэсій савецкага часу. У той жа час у выданні сабраныя і парады – як выбудоўваць адносіны паміж дарослымі і дзецьмі ў такі складаны перыяд і якія наступствы сённяшнія перажыванні могуць мець у будучыні.

Разам з кнігай Вольга прывезла частку ілюстрацый да расповедаў, зробленых таленавітым маладым мастаком, атрымалася і невялікая мастацкая выстава. Святан Птах праз колеры і вобразы выдатна здолеў перадаць унутраны свет герояў кнігі. А ўласныя дзіцячыя малюнкі, зробленыя на сеансах арт-тэрапіі, захоўваюцца і калі-небудь будуць даступныя больш шырокаму колу, на дадзеным этапе з пэўных прычын яны не ўвайшлі ў выданне.

У прэзентацыі ўзяла ўдзел гарадзенская журналістка і рэдактарка, актывістка цёця Іра – Ірына Новік. Яна шчымліва прачытала некалькі гісторый і казак.

Сустрэча працягвалася 3 гадзіны, шмат было пытанняў, абмеркаванняў, і калі б не той факт, што бібліятэка зачынялася а 20-00, то прысутныя наўрад ці б разышліся да гэтага часу.

Прэзентацыя ў Лодзі была ці не апошняй магчымасцю набыць кнігу, бо невялікі наклад яе практычна разыйшоўся, засталіся асобнікі толькі для наступнага спаткання ў Варшаве 3 сакавіка.

Ян Стэфанчук, Беларускае Радыё Рацыя