BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Ціхія адраджэнцы”: Яўген Петрашэвіч

Яўген Петрашэвіч (1930, вёска Падбараны, Мастоўскі раён – 2017, Гародня).
Таленавіты гарадзенскі музыка, кампазітар, паэт, педагог.
Для Гарадзеншчыны Яўген Петрашэвіч – адзін з людзей-збіральнікаў нацыянальных скарбаў беларускага фальклору. Ён як кіраўнік інструментальных і хоравых калектываў, прысвяціў багата часу папулярызацыі беларускай культуры. Ягоныя музычныя творы выконвалі шэраг рознаўзростаых вакальна-хоравых калектываў Гарадзеншчыны. Яго творы праслаўлялі нашую Радзіму, Прынёманне, гістарычных асобаў і аб’екты. Яго песні прасякнуты аптымізмам, лірыкай і сапраўдным патрыятызмам.
Ён быў жыццярадасным чалавекам.
Як успрымаў сваё далучэнне да свету музыкі сам Яўген Петрашэвіч: «Мой прадзед Мілашэвіч, вельмі любіў на скрыпцы спраўна граць. А сын Грыша граў на гармоніку, а тры яго ўнучкі, каторая от.. мая мама Воля, Люда й Зіна, сьпявалі». Пяялі, пераказвае спадар Яўген, гэтак чулліва, што ўсе слухачы плакалі ад радасці. А маці была ня толькі пявуння, але й танцорка. Відаць па кудзелі спадару Яўгену талент музыкі перадаўся. Бо па мячы – бацька Кастусь і не спяваў і ня танцаваў.
Вёска Падбараны, дзе нарадзіўся Яўген Петрашэвіч, была беларускамоўнай, але размаўлялі ў ёй й па расейску, бо некаторыя прыбылі з уцекачоў, яны паходзілі з Украіны й Расеі. Пяялі песні ў вёсцы, паводле сведчання спадара Яўгена, толькі беларускія. Пасля яму ўдалося сабраць і упарадкаваць дваццаць гэтых, Падбаранскіх песняў. Ён планаваў іх выдаць.
Цікава, што ў вёсцы спявалі песні і мужчыны і жанчыны. Жорж Троцкі, адзін з мясцовых пяюноў, добра таксама акампаніяваў на гармоніку. Гэты чалавек моцна ў творчым плане паўплываў на творчыя абсягі Яўгена Петрашэвіча ў часы сталення. Таксама азнаёміў Жорж спадара Яўгена з сваёй тарабарскай мовай. «Дзіўная была вёска.. гэта былі мае ўніверсітэты», – з жартам казаў гарадзенскі кампазітар.

Цікава апавядаў спадар Яўген пра мужчынскія спевы. Хлопцы збіраліся ў кола, бралі адзін аднаго за плечы і пачыналі пяяць, ды пяялі гэтак гожа, што дзяўчаты прыходзілі з суседніх вёсак паслухаць. Пяялі песні баявыя: «Б’юць барабаны, громка выбягаюць… у войска адпраўляю-юць», але таксама й калядныя.
Вучыўся спадар Яўген у Луненскай школе, якая была ў двух кіламетрах ад хаты. Вяртаючыся з вучобы па лясных сцежках, Яўген пазнаваў прыроду, яе красу, ідучы напяваў нейкую мелодыю і цокаў зубамі, як акампанементам. І праз шмат год, аж да смерці ён прызнаваўся, што мелодыі ўвесь час прыходзяць звыш – толькі пасьпявай натаваць.
У вёсцы Падбараны Яўген сабраў аркестар: сам граў на губным гармоніку, праз што ў яго апухлі вусны, за гэта яму далі мянушку – «лупаты». І калі ён, разам з іншымі падлеткамі збіраўся паграць на ўсякіх інструмантах, то нават дарослыя, як сцямнее, танчылі пад іх аркестар. Гэта быў старт прызнання. Менавіта гэта далей і прывяло да стварэння «Гарадзенскіх дударыкаў», якія аб“ехалі фэстывалі у Францыі, Швецыі, Нарвегіі, Польшчы, ды былі частымі гасцямі імпрэзаў беларускіх местаў і вёсак.

Зрэшты, стварэнне дзіцячага калектыву «Гарадзенскія дударыкі» – гэта вынік Кону. Калі спадар Яўген ня здолеў паступіць у кансерваторыю, то вызначыў сабе іншую задачу – падрыхтаваць сто музыкаў! Спачатку пачаў кіраваць аркестрам народных інструмантаў у «Палацы піянераў і школьнікаў». А потым з гэтага аркестра ён выбраў пяцёрку, здольных дзяцей, якія гралі на скрыпцы, цымбалах, а сам граў на дудачцы. З імі ён пачаў пазакласныя рэпетыцыі. Што да аркестра народных інструмантаў – «не пайшло». Бо частка дзяцей грала на балалайках. А ў нас, у Беларусі, гэты інструмант ня прыжыўся. Аркестар, такім чынам, «саслаб», а «Гарадзенскія дударыкі» пачалі мацнець. Для «дударыкаў» спадар Яўген пачаў пісаць музыку: ад простага, да больш складанага рэпертуару. Праз гэты дзіцячы калектыў прайшлі тры пакаленні дзяцей.

Кампазітар Петрашэвіч дапамагаў у папаўненні рэпертуару і дарослым калектывам, якія ня мелі прафесійнай падрыхтоўкі, альбо не хацелі афіцыйнага прызнання, бо мелі прызнанне народнае.
Прыкладам можа быць тут хор беларускай духоўнай музыкі «Бацькаўшчына», які існаваў ад пачатку 1990-х гадоў, і актыўна дзейнічаў два дзесяцігодзьдзі на розных пляцоўках Беларусі, але й прадстаўляў беларускую нацыю, яе культуру ў Польшчы, Украіне, Даніі, Францыі.
На словы Юрыя Сяткевіча, удзельніка хору, Яўген Петрашэвіч напісаў музыку да твору «Багаслаўлёнае імгненне», яі стаў візітоўкай калектыву. Пасля да рэпертуару хору далучыліся Петрашэвічавы «Замак Мірскі», ён апрацаваў калядку, супрацаваў з калектывам «Зарачанка» Гарадзенскага раёну.
Апошнія гады жыцця кампазітар і паэт Яўген Петрашэвіч пашырыў абсяг уласных музычных твораў на гістарычную тэматыку. Апрача, названага «Замка мірскага», з’явілася «Балада пра Грунвальд», яе выконваў прафесійны гарадзенскі сімфанічны аркестар пад кіраўніцтвам Борматава, і тры хоравых калектывы ў Музычным каледжы. У нізцы «Балады» былі песні «Пахвала Вітаўту», «Песня ваяроў Давыда Гарадзенскага». А найстарэшаму захаванаму храму ў Гародні Петрашэвіч прысвяціў музычную кампазіцыю «Сказ пра Каложу». Твор быў дасланы у Тэатар лялек, але здаецца, яго гэтак і не ўвасобілі ў спектакль для публікі.

Як краязнаўца, ён цэлы час шукаў новых ідэй. Выдаў «Байкі непазяхайкі» – вясёлыя гісторыі, якія расказвалі Яўгену ягоныя бацькі, сваякі, сябры, знаёмыя. Выдаў кнігі «Віншаванкі» і «Пасынкі».
З пэтам Уладзімірам Шурпам сумесна напісалі «Студэнцкія агеньчыкі», «Песню пра няшчасны лёс». Апошнюю выконвае ансамбаль «Гасцінец». Супрацаваў Яўген Петрашэвіч з Янкам Насутам – вядомы твор «Рушнічок», які выконваецца ансамблем «Гармонія». Сярод паэтаў – на словы Дануты Бічэль «Бярозанька» выконваўся ансамблем «Нёман», а таксама дзяржаўным ансамблем імя Цітовіча. Ідэя кампазіцыі, якую выконваў «Нёман», прадстаўляючы на саюзным канцэрце ў Крамлі на словы Анатоля Астрэйкі «Залатыя каласы», належыць Яўгену Петрашэвічу.
Незадоўга да смерці спадара Яўгена ён выдаў цэлы зборнік песень на словы лідскіх паэтаў.
Яшчэ адзін занятак Петрашэвіча – карбаванне прыроднага каменя – дзеля усталявання пазней яго як помнік сваёй маці. «Камень – гэта спрэсованая цывілізацыя» – казаў спадар Яўген. – Касмічная субстанцыя. І думкі, калі карбуеш камень, прыходзяць вельмі змястоўныя». Пасля таго выкарбаваў камяні і для бацькі і для сястры, і нават падрыхтаваў для сябе, але ўжо самастойна ня даў рады. Цяпер ягоны помны камень, завершаны майстрам Валерам Каральком, стаіць на месцы апошняга спачыну на могілках «Сакрэт» Гародні.

Ясь Зачынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Папярэднія выпускі:

Аляксандр Місцюкевіч

Рыгор Фарманян