Беларусы Італіі адзначылі год існавання арганізацыі «Талака» – асацыяцыі беларусаў Італіі.
Пра дзейнасць і ідэю стварэння гэтай асацыяцыі распавядае яе кіраўніца Юлія Юхно:
– Я яе стварыла год таму для таго, каб дапамагаць беларусам і рабіць гэта легальна. То бок, каб мець нейкую арганізацыю, якая б магла самастойна дзейнічаць. Насамрэч мы займаемся шмат чым, то бок мы займаемся крыху палітыкай, крыху дыпламатыяй, крыху культурнымі праектамі, спартыўнымі мерапрыемствамі і гэтак далей. Асноўная мэта – прасоўваць беларускі парадак дня.
Юлія канстатуе, што прадстаўнікам асацыяцыі вельмі цяжка дагрукацца да жыхароў Італіі:
– У Італіі пра нас не ведаюць, не ведаюць, што ў нас ёсць палітвязні, што такая сітуацыя. На жаль, са дня выбараў прайшло ўжо чатыры гады і ўсе забыліся на нашы праблемы. Нядаўна выкладвалі ў сацсеткі справаздачу, даволі такую аб’ёмную. Улічваючы тое, што асацыяцыя ў нас не вельмі вялікая, але мы зрабілі дзве выставы беларускіх мастачак у Фларэнцыі, вельмі шмат выступаў рознага ўзроўню – і палітычнага, і дыпламатычнага, і на ўзроўні НДА.
Беларусы Італіі вельмі раскіданыя па краіне. Па звестках Юліі Юхно, іх жыве ў Італіі каля 6 тысяч, аднак іх вельмі цяжка сабраць на нейкія масавыя акцыі ў гэтай краіне.
Беларускае Радыё Рацыя