BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Надзея Салаўёва: Мы па-сяброўску добра жывём

Калі выкінуць з сябе беларускасць, то ты будзеш ніхто – так лічыць кіраўніца хабу “Новая зямля” ў Беластоку Надзея Салаўёва. Хаб працягвае працу па захаванні беларускай ідэнтычнасці ў выгнанні. Толькі за мінулы год у прасторы адбылося больш за 700 мерапрыемстваў. З якімі праблемамі сутыкнуліся ініцыятары стварэння хабу і якіх поспехаў дасягнулі. На гэтыя і іншыя пытанні адказвае Госця Рацыі – кіраўніца хабу “Новая зямля” Надзея Салаўёва ў гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Нагадайце нашым чытачам, для чаго ўвогуле ствараўся хаб, як узнікла гэтая ідэя?

Надзея Салаўёва: Ідэя з’явілася, напэўна, гады два таму для таго, каб была такая офіс-прастора ці памяшканне, дзе б кожны беларус, які прыехаў сюды, мог бы прыйсці і атрымаць тое, што ён хоча, дапамогу альбо інфармацыю, альбо сам з нейкай ідэяй рэалізавацца. Месца канцэнтрацыі грамадскай дзейнасці.

РР: З пункту гледжання сённяшняга дня, ці задаволеныя вы, што ёсць такі хаб, ці не знікае інтарэс у беларусаў да гэтай прасторы?

Надзея Салаўёва: Я задаволеная, што ёсць такая прастора, інакш бы мы яе не адчынялі. Па-другое, нам падабаецца памяшканне, мы тут прыжыліся, так ужо ўтульна. Будзем рабіць яшчэ больш утульна.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы ўсё адно працягнулі ўмову арэнды яшчэ на год, хоць на падвышаных коштах ужо, але значыцца нам падабаецца.

Што тычыцца інтарэсу беларусаў, то ён ёсць, ён узнікае хвалямі. Па шчырасці, улетку ён згасае, з восені да зімы – самы высокі. Потым увесну неяк так, а напрыканцы вясны зноў падымаецца. Гэта па мінулым годзе я гляджу. Зараз шмат розных ініцыятываў, можа, нават больш, чым было на пачатку. Але што мне вельмі прыязна глядзець, гэта тое, што яны ўжо такія сталыя, самастойныя, у іх ёсць асобныя дні, калі яны прыходзяць і штосьці робяць. Напачатку было больш людзей, больш такіх разавых мерапрыемстваў, праектаў, зрабілі – сышлі. А зараз вось тут менавіта тыя, якія сур’ёзна ставяцца ці хочуць развіваць свой праект, ці ім душа баліць за яго і хочуць рабіць унёсак у беларускасць.

РР: Вы сказалі пра сталыя праекты, што пачалі з’яўляцца, не толькі аднаразовыя. Пра сталыя можаце ўзгадаць, што гэта за праекты, колькі такіх праектаў ужо з’явілася?

Надзея Салаўёва: Адзінаццаць-дванаццаць. І гэта група псіхалагічнай падтрымкі, гэта рэканструктарскі клуб, гэта школа Кацярыны Ваданосавай, падлеткавы клуб, жаночы, гісторыя з Уладзімірам Арловым, дзіцячы музычна-тэатральны гурток “Беларусікі”, АБФ карыстаюцца нашым памяшканнем. Мы з задавальненнем прадстаўляем “Паспалітае рушэнне”, майстар-класы розных мастакоў, мастачак.

РР: Ці атрымалася так, што прастора спалучае не толькі беларусаў, якія прыехалі сюды пасля 2020 года, але і мясцовых беларусаў?

Надзея Салаўёва: Мы імкнёмся, можа, і не дужа так эфектыўна і не заўсёды атрымліваецца, але галоўнае, што ў нас ёсць з беларускай меншасцю добрыя стасункі, узаемадапамога, падтрымка, кааперацыя, партнёрства і ў мерапрыемствах, і ў сувязях, і ў камунікацыі, і нават матэрыяльная дапамога адно аднаму. Мне падаецца, што мы па-сяброўску добра жывём.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя