BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Павел Латушка: Дзень Волі – гэта маё свята

У нашым эфіры пабываў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

РР: Цяпер вельмі актыўны і дынамічны час. Гэта была канферэнцыя беларусаў у Празе, былі мерапрыемствы ў Варшаве, Вы цяпер прыехалі да нас з Бельска-Падляшскага, напэўна сёння пойдзеце ў Беластоку на канцэрт… Праходзяць мерапрыемствы на Дзень Волі, іх вельмі шмат. Не буду прасіць Вас пра кожнае з іх расказаць. Але Вы сустракаецеся вельмі шмат з беларусамі. Якія настроі цяпер? Як людзі адчуваюць гэтае свята, і наогул палітычную сітуацыю?

– Я думаю што той факт, што ў Варшаве сабраліся ўчора сотні і тысячы беларусаў, якія прайшлі маршам ад касцёла Трох крыжоў да замкавай плошчы, прадэманстравала, што беларусы аб’яднаныя. Што для нас свята Дзень Волі, дзень Беларускай Народнай Рэспублікі з’яўляецца тым святам, якое мы праводзім разам. Мне падаецца, што ўчора я бачыў столькі ўсмешак, столькі станоўчых уражанняў, натхнення. І гэтае натхненне дзякуючы таму, што мы фактычна ўзгадалі, як гэта было ў 2020-ым.

Як гэта было і раней, я памятаю, што яшчэ аташэ дагаворна-прававога ўпраўлення Міністэрства Замежных Спраў Беларусі ў 1996 годзе пайшоў на свой першы Дзень Волі да тэлецэнтра на вул. Макаёнка. Гэта свята, якое нас абядноўвае. Што тычыцца тых выклікаў, якія стаяць перад нашай Радзімай, Бацькаўшчынай, роднай Беларуссю. На жаль, сітуацыя пагаршаецца. На жаль, выклікаў яшчэ больш.

Рэжым Лукашэнкі ўсё больш узмацняе супрацоўніцтва з Расеяй, ён знаходзіцца ўжо ў поўных абдымках, і рукамі і нагамі. Гэта жах, што такая пачвара пануе ў Беларусі. Якая прадае нашую Бацькаўшчыну. Суверэнітэт, нашу радзіму і нашую краіну.

РР: І таму гэты Дзень Волі для нас таксама актуальны. Я хацеў бы пагаварыць пра ідэалогію гэтага свята. Чаму я Вас пра гэта пытаю? Паколькі якая Вашая палітычная біяграфія? Гэта праца і ў дыпламатычным корпусе, у наменклатурным беларускім корпусе. Як Вы гэтае свята ўспрымаеце? Я вяду да таго, што мы знаходзімся на Беласточчыне, тут заўсёды была спецыфічная атмасфера. І на Беласточчыне заўсёды захоўваліся гэтыя традыцыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Я прысутнічаў на адным мерапрыемстве дзе збіраліся беларусы Беласточчыны, дзе былі такія часы, калі прадстаўнікі беларускага кансулату прысутнічалі на гэтых мерапрыемствах. Я нават зрабіў фотаздымак, бо для мяне гэта была цікавая сітуацыя: арганізатары кажуць, што гучыць беларускі гімн, гучыць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», і прадстаўнікі беларускага кансулату таксама ўздымаюцца. Хаця ідэалагічна мне здаецца, што гэта трошкі правакацыя. Як гэтае свята існавала ў Вашым палітычным жыцці, і наогул у Беларусі?

– Што датычыцца майго жыцця, до гэта ад майго бацькі і маці, калі Дзень Волі ўвайшоў ужо у маё жыццё. Бацька заўсёды хадзіў на гэтае свята, на мітынгі. У нас быў і ёсць свой бел-чырвона-белы сцяг, які захоўваўся, як сімвал нашай сямі, нешта вельмі важнае для нас, для Латушкаў. І з гэтым сцягам мой бацька пайшоў яшчэ ў 1988 годзе, у Курапаты, калі першы раз быў разгон, у савецкія часы, адкуль ён прыйшоў пабіты ад міліцэйскіх дубінак.

– Гэта маё свята, якое я ўзгадаў, працуючы яшчэ маладым аташэ Міністэрства Замежных Спраў Беларусі разам са сваім сябрам Уладзімірам Чушавым, які сёння здраднік як мне здаецца, беларускай ідэі, мэты, які працуе намеснікам амбасадара ў Азербайджане, а тут працаваў таксама амбасадарам. Дарэчы, я яго рэкамендаваў на гэтую пасаду. Мы пайшлі на мітынг падтрымаць беларускую апазіцыю. Як супрацоўнікі Міністэрства Замежных спраў стаялі каля Макаёнка і апазіцыі на чале з Зянонам Пазняком, далі права выступіць на беларускім тэлебачанні.

– І калі мы беглі ад міліцыянераў, ён згубіў свой туфель. Я яму казаў – «Валодзя, бяжым, зараз затрымаюць, паб’юць!». Ён паспеў вярнуцца, абуць яго, і мы ўсё ж такі ўцяклі. Канешне, калі б нас тады затрымалі, звольнілі б нас з Міністэрства. У 1996-1997 на мітынгі выходзіла вельмі шмат супрацоўнікаў Міністрства Замежных спраў, мы віталіся падчас мітынгаў. А самымі папульярнымі газетамі ў нас былі «Свабода», «Народная воля», «Наша Ніва».

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя