Справа Ціханоўскага. 25 красавіка пройдуць новыя судовыя слуханні ў Гомельскім абласным судзе.
Такая інфармацыя з’явілася на сайце Вярхоўнага суда, звярнула ўвагу Радыё Свабода. У фармулёўцы на сайце гаворыцца пра «іншыя пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, вызначэння, пастановы ў выкананне». Больш канкрэтнай інфармацыі няма. Магчыма, размова ідзе пра чарговую кампенсацыю матэрыяльнай шкоды.
У спісе — палітвязні Ігар Лосік, Дзмітрый Папоў, Арцём Сакаў, Мікола Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Уладзімір Цыгановіч.
Названыя былі асуджаныя на закрытым працэсе ў будынку СІЗА-3 ў Гомелі 14 снежня 2021 года.
Нагадаем, Ціханоўскага тады асудзілі на 18 гадоў калоніі, Статкевіча — на 14, Лосіка і Цыгановіча — на 15, Папова і Сакава — на 16 гадоў. Новае пасяджэнне мае весці суддзя Мікалай Доля, які і выносіў ім прысуды.
Беларускае Радыё Рацыя