У Берасцейскім абласным судзе 23 красавіка будуць разглядаць справу аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі цэнтр міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек (УНІМА)».
З інфармацыі на партале электроннага судаводства вынікае, што з заявай аб ліквідацыі арганізацыі звярнулася Міністэрства юстыцыі, піша Pozirk.
«Беларускі цэнтр міжнароднага саюза дзеячаў тэатра лялек (УНІМА)» заснаваны ў 1996 годзе, у 1997-м зарэгістраваны ў Адзіным дзяржаўнай рэестры юрыдычных асоб. З дня заснавання аб’яднаннем кіраваў тэатральны дзеяч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Міхаіл Шавель. 13 верасня 2021 года ён памёр на 73-м годзе жыцця. На старонцы Беларускага цэнтра УНІМА ў сацсетцы «УКантакце» (не абнаўляецца з 2017 года) гаворыцца, што ён «аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах звыш 150 творчых работнікаў і дзеячаў тэатраў лялек краіны». Штаб-кватэра цэнтра знаходзіцца ў Берасцейскім тэатры лялек.
Паводле дадзеных праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца сакавіка 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1601 некамерцыйныя арганізацыі – аб’яднанні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі.
Беларускае Радыё Рацыя