Віцебскі абласны суд 11 сакавіка ў закрытым рэжыме пачаў судзіць былую старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» з Наваполацку, палітзняволеную Вольгу Брыцікаву. Актывістку абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса, паведамляе «Вясна».
Справу прызначылі весці суддзю Галіну Бондал, вядомую сваімі прысудамі палітвязням Яраславу Казакевічу, Роберту Кузняцову і іншым.
Вольга Брыцікава была затрыманая ў першай палове жніўня 2023 года. Напачатку з’явілася інфармацыя пра тое, што яе абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі». Разам з Вольгай быў затрыманы і палітзняволены Аляксандр Кухаронак, адзін з першых работнікаў «Нафтану», якія падтрымалі страйк на прадпрыемстве.
Вольга Брыцікава адпрацавала на прадпрыемстве «Нафтан» 16 гадоў, але была звольненая праз сваю прафсаюзную дзейнасць і адстойванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Раней яе неаднаразова затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх – 75 запар.