BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Выжыць”


Чарговай цаглінкай ляжа ў падмурак прысуду крамлёўскаму псіхапату кожнае сведчанне тых, хто мінуў праз пекла пуцінскіх ваенных канцлагераў.

Хто прайшоў і выжыў. Аляксей Ануля – чарнігаўскі кікбаксёр, майстар спорту і чэмпіён былога СНД – да вайны, і абаронца-добраахвотнік – з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання. Дзевяць месяцаў у палоне: спачатку ў катавальнай, якую расейцы ўладкавалі недалёка ад украінска-беларускай мяжы, потым у Курску, а адтуль – у следчым ізалятары горада Данской Тульскай вобласці.

На кожнага палоннага акупанты старанна збіралі інфармацыю – ад 3D-сканавання твару да ДНК; вывучалі мабільныя тэлефоны, патрабавалі паролі ад сацыяльных сетак; калі не маглі разблакаваць тэлефон, пагражалі палоннаму адрэзаць палец, каб бесперашкодна мець ключ доступу, але не разумелі, што на мёртвыя тканкі сэнсар не рэагуе. Калі знаходзілі доказы таго, што ўкраінец быў удзельнікам Майдану, то забівалі, бо для ворагаў Рэвалюцыя Годнасці — сімвал звяржэння рускага ладу. Аляксей Ануля выжыў не толькі з-за таго, што быў спартоўцам са здаровым целам.

Любое цела не вытрымала б пастаянных збіванняў, з прычыны чаго ламаліся косці, адрываліся мышцы, выляталі зубы. Катаванне – гэта толькі частка пакут, галоўным здзекам быў голад. Спартсмен схуднеў на сорак кілаграмаў і зменшыўся ў росце на шэсць сантыметраў. Аднойчы Аляксей знайшоў дажджавога чарвяка, закруціў яго ў анучу, схаваў у зліўны бачок і пакінуў там на
тыдзень. Калі дастаў, у анучы ўжо была цэлая кодла чарвякоў. Такім чынам ягоны арганізм атрымаў першы бялок.

Потым амаль чатыры месяцы ў карцэры доўжылася паляванне на мыш: ён з’еў яе жыўцом, таму што “забаронены” рух заўважылі наглядчыкі, і давялося мыш схаваць у роце, пакуль Аляксея збівалі. І… нечаканы абмен, 17 аперацый і доўгая рэабілітацыя.

А на днях Ануля размаўляў з палоннымі акупантамі – распавёў аб жахах расейскіх турмаў. Зубы і пазногці ў “вызваліцеляў” на месцы, і не галадаюць, і адчуваюць сябе ў палоне лепш, чым на сваіх балотах. Затое нацыстамі лічаць украінцаў. Толькі невядома, ці ўдалося кікбаксёру, якога ў
палоне пазнавалі яго ж каты, прабіць зомбі-браню?

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: npm.kg/ru/news