BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

100 гадоў з дня нараджэння Міхася Белямука

Беларускі грамадскі дзеяч эміграцыі, (Нямеччына, ЗША), гісторык, публіцыст і выдавец Міхась Белямук нарадзіўся 15 сакавіка 1924 года ў вёсцы Голя гміны Палоўцы (тады Брэсцкі павет, цяпер Камянецкі раён). Паходзіў з сям’і даволі заможных сялянаў, якія мелі гаспадарку на 30 гактарах. Бацька Павал і маці Ганна мелі яшчэ трох дачок. З 1928 года Белямукі жылі на хутары. Бацька працаваў у сельскагаспадарчай арганізацыі, атрымліваў спецыялізаваныя часопісы, набываў гатунковыя саджанцы пладовых дрэваў, яблыкаў, пародзістых цялят, авечак, курэй. У Голі Міхась Белямук скончыў 4-класную пачатковую школу. З прыходам Саветаў змушаны быў спыніць навучанне ў Брэсце, які меў памежны статус, і давучваўся у дзесяцігодцы ў Высока-Літоўску. Правучыўся год, і пачалася нямецкая акупацыя. Вярнуўся ў родную вёску, дапамагаў бацьку па гаспадарцы. У 1942 годзе сям’я Белямукоў, да якой прыехала ў госці радня, ледзь не загінула ад кінутай у вакно савецкімі партызанамі гранаты. Пасля здарэння Белямукі перабраліся ў Высока-Літоўск. Міхась разам з бацькам быў выкліканы ў паліцыю і арыштаваны за захоўванне зброі. Паводле ваеннага часу за гэта пагражаў расстрэл. Дзякуючы дапамозе адваката Міколы Назарука і заступніцтва у Беластоку былога настаўніка нямецкай мовы ў Вільні Эгера праз 10 дзён Белямукоў выпусцілі.

Потым Міхася Белямука загітавалі на курсы ў афіцэрскую школу, якая мела арганізоўвацца ў Мінску, трапіў на збор у Беластоку. У час нямецкай акупацыі быў афіцэрам Беластоцкага батальёну Самааховы. З лета 1944 года быў змушаны выехаць на захад у эміграцыю. Некаторы час жыў у беларускіх лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Браў удзел у Першым з’ездзе беларускіх вернікаў у баварскім Рэгенсбургу.

У 1949 годзе Міхась Белямук эміграваў з Еўропы ў ЗША, дзе раней жыў яго дзед. Яму дала прытулак другая жонка дзеда, часова забяспечыўшы яму дах над галавой і харчаванне. Вучыўся на гістарычным факультэце ўніверсітэта ў Каламбусе (штат Агаё), але атрымаць вышэйшую адукацыю не ўдалося. Сам як эмігрант, стаў адпраўнікам запрашэнняў на прыбыццё ў ЗША для 25 чалавек у пасляваенную Германію. На 26-м запрашэнні эміграцыйныя службы ЗША выявілі, што Белямук запрашае людзей нелегальна, яму пагражала дэпартацыя. Прысуд змякчылі пасля паручальніцтва за Белямука славацкіх бенедыктынцаў, якія таксама ўзялі на сябе апеку над усімі запрошанымі асобамі.

Міхась Белямук стаў адным з арганізатараў беларускага жыцця ў горадзе Кліўлэнд, стваральнікам мясцовага аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання. Уладкаваўся на працу ў кампанію, якая вырабляла такарныя станкі для вайсковай галіны. Працаваў у ёй 32 гады аж да выхаду на пенсію. З 1954 года старшыня Згуртавання беларускай моладзі ў Кліўлэндзе. З 1991 года – ініцыятар і выдавец гістарычнага часопіса «Полацак». Часопіс публікаваў дакументы 19-й і 20-й сустрэч беларусаў Паўночнай Амерыкі, асвятляў І з’езд беларусаў свету, сустрэчы кіраўнікоў беларускіх суполак у замежжы, змяшчаў артыкулы па гісторыі і стане беларускай эміграцыі, матэрыялы пра беларускіх асветнікаў. Выйшла больш за 40 нумароў часопіса. Белямук – аўтар шэрагу публікацый, у тым ліку на гістарычныя тэмы. Друкаваўся таксама пад псеўданімамі Беластоцкі, Дубок, Чаромха. З 1993 года – ганаровы сябра Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Выдаў успаміны («Свайго лёсу не мінеш», Вільня, 2006). 

Памёр Міхась Белямук 31 кастрычніка 2014 года ў Кліўлэндзе ў веку 90 гадоў.