Анатоль Вап — гісторык, шматгадовы супрацоўнік мясцовага самакіравання, актывіст суполкі беларускай нацыянальнай меншасці быў прызначаны дырэктарам Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку. За плячыма ў кіраўніка культурнай установы – навучанне на гістарычным факультэце філіі Варшаўскага ўніверсітэта ў Беластоку, музейная праца, стварэнне і кіраванне Аддзелам культуры і нацыянальнай спадчыны, дзейнасць у Беларускім гістарычным таварыстве, супрацоўніцтва са шматлікімі арганізацыямі беларускай меншасці і культурная дыпламатыя.
Мы пагутарылі з дырэктарам Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку Анатолем Вапам пра дзейнасць і планы ваяводскай установы культуры, якая працуе для беларусаў.
РР: Яшчэ раз віншуем вас з прызначэннем на пасаду дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку. З якім настроем уваходзіце на гэтую пасаду? Што на гэты год запланавалі?
– Вялікі дзякуй. Якімі планамі? Планы ўвесь час паўстаюць. Мы нічога новага не будзем выдумляць, мы настроеныя на супрацоўніцтва з беларускімі арганізацыямі і самаўрадамі ў гмінах і паветах, дзе жыве беларуская меншасць. Так што гэта наш галоўны напрамак дзейнасці. Думаем над новымі праектамі. Таксама будзем арганізоўваць праекты супольна з беларускімі арганізацыямі. Ужо летам адбудзецца фестываль Podlasie SlowFest у Нараўцы, які арганізоўваем супольна з Гайнаўскім староствам і гмінай Нараўка. Таму ўсіх запрашаем 14-га ліпеня. Неўзабаве выйдзе кніга Міхася Андрасюка, дзе будуць яго апавяданні, якія ён раней апублікаваў на беларускай мове. Запрашаем усіх на лекцыі спадара Уладзіміра Арлова на лекцыі пра ролю жанчын у гісторыі Беларусі. Важная і актуальная тэма. Гэтыя лекцыі будуць адбывацца кожны чацвер.
РР: Сярод іншага дырэктар Цэнтру беларускай культуры мусіў прадставіць план дзейнасці. Ці ёсць у вас такі план зараз і ці будзе ён неяк апублічаны, каб ведаць як супрацоўнічаць тым ці іншым арганізацыям?
– Вядома, што гэта мусіў быць рэальны план, ён будзе перакладацца на план дзейнасці, які рэалізуе Цэнтр беларускай культуры. Яны даступныя, кожны хто захоча з імі пазнаёміцца, можа звярнуцца да нас.
РР: У статуце пазначана, што Цэнтр беларускай культуры можа адкрываць аддзелы на Падляшшы. Ці бачыце вы патэнцыйныя арганізацыі, можа быць школы, ліцэі ці нейкія культурныя ініцыятывы, якія могуць стаць часткай гэтага цэнтру ў будучыні?
– Пакуль мы мусім арганізаваць сам цэнтр. Думаць пра гэта цяжка, калі толькі паўстае цэнтр. Пра гэта будзем думаць у будучыні.
РР: Калі чакаць адкрыцця будынку Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку?
– Пакуль мы ў часовай сядзібе, адміністрацыйным будынку Маршалкоўскай управы. Цяпер ідуць размовы пра планы і канцэпцыю рамонту нашай сталай сядзібы па вуліцы Чацкага 8. Думаю, што яшчэ ў гэтым годзе пачнецца рамонт. Туды мы пераедзем не раней, чым праз 2-3 гады.
Поўная гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя