Беларускія аўтары працягваюць пісаць за мяжой, многія выдавецтвы здолелі аднавіць сваю дзейнасць і надалей радуюць чытача новымі кнігамі. «Вярнулася да жыцця» большасць літаратурных прэмій, усё большую папулярнасць набіраюць аўдыёкнігі па-беларуску.
Літаратурныя вынікі 2023 года падводзім з нашым сённяшнім госцем Андрэем Хадановічам:
РР: Спадар Андрэй, сустракаемся напрыканцы 2023 году, некалькі дзён застаецца да завяршэння гэтага году, і таму хочацца падвесці вынікі гэтага году, і асабістыя, прафесійныя, творчыя, але таксама вынікі нашага літаратурнага працэсу выдавецкай дзейнасці і так далей. Але прапаную пачаць з асабістых вынікаў гэтага году.
– Асабістыя вынікі: перажыў без інфарктаў, без запояў, не прыймаю таблетак, у натуральным стане змагаюся з дэпрэсіяй і знаходжу кожнага дня аптымістычныя аргументы, у асноўным, у працы. Дзякую, што ёсць дэдлайны.
З гэтага вынікае, што беларускае слова запатрабаванае ў сітуацыі, калі на яго вядуць наступ ува ўсіх кірунках сувора і на знішчэнне. У беларускага слова вельмі важны момант, які пафасна абагульняючы, дазваляе беларусам быць сабой і заставацца вольнымі ў сітуацыі, калі не вельмі да гэтага схіляе.
У маёй сітуацыі пісанне гэта большая палова жыцця і ўсяго чым я займаюся. З вынікаў, пасля пачатку вайны, свае тэксты пісаліся і пішуцца слаба і рэдка, мабыць, таму, што я часцей адчуваннем радасці прывык дзяліцца, чым скардзіцца, чым крычаць. Я ведаю людзей, калег, і вельмі паважаю, якія знаходзяць для гэтага словы, але мне бліжэй іншы падыход. Таму, ужо другі год запар, я больш перакладаю, чым пішу.
Працягваю сачыць за тым, што ў ваенны час пішуць сучасныя ўкраінскія аўтары, стараюся гэта перакладаць і як мае калегі дзяліцца гэтым на старонцы інтэрнэт-часопіса „Таўбін“, які быў абвешчаны як інтэрнэт-часопіс сучаснай беларускай паэзіі, і адразу ператварыўся ў платформу падтрымкі ўкраінскай літаратуры, як і цяпер робіцца падтрымкі Ізраілю і габрэяў. Я думаю, што гэта правільна рэагаваць на тое, дзе баліць.
З дасягненняў блізкіх да творчасці я зрабіў сёлета вершаванае лібрэта да Уладзіміра Караткевіча, любімага нашага пісьменніка. Вельмі пабойваўся, атрымаўшы заказ ад Свабоднага тэатру для Лонданскай пастаноўкі ў тэатры, „Дзікае паляванне караля Стаха“. Кампазітарка Вольга Падгайская, я думаю, што ёй было складаней, чым мне. Не першы раз у беларускай культуры рабілася опера паводле гэтага геніяльнага твору, і мне здаецца, пры вельмі важным і таленавітым папярэдніку Вольга Падгайская геніяльна выкруцілася.
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладнік, літаратуразнаўца, Ганаровы старшыня арганізацыі „ПЭН Беларусь“
Беларускае Радыё Рацыя