Беластоцкі музычны клуб (Białystok Music Club) праз месяц адзначыць год свайго існавання.
- З якімі вынікамі падыходзіць да даты ініцыятыва?
- Чым будзе адметная святочная імпрэза?
- Як існаванне Клубу змяніла жыццё мясцовых меламанаў?
Пра гэта заснавальнік БМК Антон Сіроцін распавёў Марыне Савіцкай.
РР: Неўзабаве споўніцца год музычнаму клубу Беластока. Ці падводзілі вы вынікі?
– Афіцыйна вынікі не падводзілі, але ўжо можна сказаць, што за гэты год мы зрабілі каля 30 імпрэзаў, розных роўняў і кірунку. Трошку разнастайных, часам яскравых, часам утульных. Розных імпрэзаў.
РР: Што з гэтага, на ваш погляд, было найбольш выбітным, незвычайным?
– З незвычайнага, па-першае, Яўген, але не Барышнікаў. Яны разам з Андрусём Такіндангам гралі ў нас, вельмі цікавыя гук і сэнс, вельмі спадабалася. Гэта яшчэ па першым сезоне было. З першага сезону можна вылучыць Яўгена Барышнікава, здаецца, гэта было першае месца, дзе ён ладзіў сімфанічны аркестр для аднаго чалавека, спрабаваў гук сваіх усіх новых штукаў. Гэта гучала таксама вельмі самавіта і цікава.
З другога сезону можна вылучыць першы канцэрт не беларусаў, гэта быў гурт «Вандроўнік«, падляшскія хлапцы. Яны тут упершыню гралі на акустыцы, заўжды на электрычным граюць. Гэта быў вельмі ўтульны і душэўны канцэрт.
Цікава было, калі быў гала-канцэрт адкрыцця сезону веснавога, калі гралі ўсе рэзідэнты Беластоцкага музычнага клубу. Гэта быў самы наведвальны канцэрт з усіх, якія былі. Калі гралі РСП, тут было абмежавана колькасцю месца. А калі гэта было адкрыццё сезону, мы тады яшчэ не абмяжоўвалі колькасць месца. Таму тут набілася людзей, мы не лічылі, але вельмі шчыльна было. Частка людзей наогул на вуліцы была, частка ў VIP. Быў добры, гучны канцэрт.
І РСП таксама супер. Вызначыць можна таксама спектакль Васіля Калача „Муншайн“. Гэта быў такі эксперымент, даволі ўдалы. Такія можна яшчэ рабіць, але чамусь у другім сезоне мы такога не рабілі. Бо было зашмат людзей, што былі згодныя граць тут, і якія самі цікавіліся, ці можна зайграць. Гэта, лічу, нашым прарывам, бо ў першым сезоне мы самі шукалі музыкаў, а ў другім ужо прасцей з гэтым стала. Ужо некаторыя самі ведаюць, дзякуючы таксама Радыё Рацыя.
Год існавання Беластоцкага музычнага клубу адзначаць 24-га траўня.
Беларускае Радыё Рацыя