BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Беларус, які даследаваў Сібір

22 красавіка спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння беларуса Аляксандра ДунінаГаркавіча – вядомага вучонага-этнографа, падарожніка, даследчыка паўночнай часткі Заходняй Сібіры, які пакінуў пасля сябе вялікую навуковую спадчыну.

Аляксандр ДунінГаркавіч нарадзіўся ў 1854 годзе ў Ружанах. Быў трэцім сынам губернскага сакратара Аляксандра Іосіфавіча Гаркавіча, які паходзіў са старажытнага дваранскага роду Дуніных. Аляксандр Дунін-Гаркавіч закончыў Гарадзенскую класічную гімназію, пасля – Лісічанскае сярэдняе прафесіянальнае вучылішча, што знаходзілася паблізу Санкт-Пецярбурга. Пасля заканчэння вучылішча атрымаў кваліфікацыю інжынера-лесавода і званне ляснога кандуктара. Стажыроўку праходзіў у Царскасельскім лясніцтве.

У 1875 годзе Аляксандр Дунін-Гаркавіч паступіў на службу ў лейб-гвардыі грэнадзёрскі полк. Удзельнічаў у Руска-турэцкай вайне (1877–1878), адважна ваяваў пад Плеўнай, за што быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і атрымаў званне унтэр-афіцэра. Пасля вайны працягнуў службу ў Царскасельскім лясніцтве, а затым у лясных ведамствах Самарскай, Ніжагародскай і Разанскай губерняў Расеі.

У 1890 годзе Аляксандра ДунінаГаркавіча накіравалі ў Табольскую губерню. Даследчык стараўся пранікнуць у самыя глухія куткі неагляднага цяжкадаступнага краю, размешчанага ў басейнах вялікіх сібірскіх рэк Іртыша і Обі, які працягнуўся ад тайгі да берагоў Паўночнага Ледавітага акіяна. Яго цікавіла літаральна ўсё – ад прыродных рэсурсаў і этнаграфіі да стану рыбалоўства і пушнога промыслу. Даследаванню паўночнай часткі Заходняй Сібіры Аляксандр Дунін-Гаркавіч аддаў усе свае сілы, розум і энергію і адлюстраваў вынікі падарожжаў у сваіх навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, эканоміцы Югры. Аб’ёмы і размах яго даследаванняў уражваюць.

Навуковая спадчына Аляксандра ДунінаГаркавіча паказвае, што аўтар меў асаблівыя гледжанні на Заходнюю Сібір, на Югру і эканоміку рэгіёна. Ён разглядаў тэрыторыі Ямала-Нянецкай, Ханты-Мансійскай аўтаномных акруг, поўначы сучаснага Табольскага раёна Цюменскай вобласці, паўночных раёнаў Томскай і Омскай абласцей як самастойны, адзіны ў геаграфічным і ў гаспадарчым плане рэгіён, аб’яднаны прыроднымі камунікацыйнымі сістэмамі – рэкамі і балотамі.

За гады падарожжаў па Табольскай Поўначы, у асноўным у адзіночку і за свой кошт, пераадолеўшы больш за 50 тыс. км, даследчык запоўніў многія «белыя плямы» на геаграфічных картах. Сабраў унікальныя матэрыялы па геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, эканоміцы, духоўнай культуры асцякоў (хантаў), вогулаў (мансі), самаедаў (ненцаў), зыран (комі), увёў у навуковую літаратуру мясцовы тэрмін «мацярык» – узвышаная водападзельная прастора, парослая лесам.

У 1903–1908 гадах Аляксандр Дунін-Гаркавіч даследаваў запалярную тундру, у 1908–1911 гадах на параходзе «Табольск» правёў гідралагічныя работы ў нізоўі Обі і Надыма, Пура і Таза. Па матэрыялах даследаванняў вучоным было напісана 67 навуковых работ, сярод іх – фундаментальная праца «Табольская Поўнач» (1904, 1910, 1911). У трэцяй кнізе аўтар абагульніў вынікі этнаграфічных даследаванняў хантаў, мансі, ненцаў. Пазней гэтыя матэрыялы адыгралі вялікую ролю ў стварэнні Ханты-Мансійскай і Ямала-Ненецкай нацыянальных акруг.

Аляксандр Дунін-Гаркавіч займаўся вывучэннем соцыўма ва ўсіх яго сацыяльных узаемасувязях, выкарыстоўваючы інтэрв’ю, апытанні і г. д. Стаў першым сацыёлагам паўночнай часткі Заходняй Сібіры. Ён прапаноўваў далучаць карэнныя народы Поўначы ва ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Валодаючы хантыйскай і ненецкай мовамі, беларус выдаў «Руска-асцяцка-самаедскі слоўнік» (1910).

За сукупнасць навуковых прац па даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 годзе ураджэнец Ружаншчыны быў удастоены малога залатога і вялікага сярэбранага медалёў Расійскага геаграфічнага таварыства імя М. М. Пржэвальскага. Узнагароджаныордэнамі Святой Ганны, Святога Уладзіміра, Святога Станіслава і інш.

Пасля 1917 года даследчык жыў у Табольску, цярпеў матэрыяльныя цяжкасці, займаючы нязначныя пасады ў шэрагу дзяржаўных устаноў. Працаваў у Заходне-Сібірскім аддзеле Рускага геаграфічнага таварыства, таварыствах рыбалоўства і суднаходства і іншых, з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы.

Дзяржаўнае прызнанне заслуг вучонага прыйшло са спазненнем – у 1926 годзе, калі яго прызналі вучоным усесаюзнага значэння. А. А. Дунін-Гаркавіч памёр 9 студзеня 1927 года, пахаваны на Завальных могілках г. Табольска.

Імем Аляксандра Дуніна-Гаркавіча названы востраў ва ўсходняй частцы дэльты Обі, вуліца ў Ханты-Мансійску (2000). Яму пастаўлены помнікі ў Табольску, Ханты-Мансійску (2007). У Ханты-Мансійскім універсітэце ў 1994 годзе ўсталявана стыпендыя ў гонар нашага земляка, з 2005 года праводзіцца штогадовая навукова-практычная канферэнцыя яго імя. У 2010 годзе ў табольскай сядзібе вучонага адкрыты Музей гісторыі асваення і вывучэння Сібіры імя Аляксандра Дуніна-Гаркавіча. У мемарыяльным кабінеце прадстаўлены асабістыя рэчы і частка архіва вучонага. У Беларусі імя даследчыка не ўшанавана.

Беларускае Радыё Рацыя