BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Культурны каляндар беларускіх падзей у розных кутках Польшчы

Спадарства, на гэтых выходных 23 і 24 сакавіка, не толькі ў розных гарадах Польшчы, але і ў іншых краінах адбудуцца шматлікія падзеі, прысвечаныя Дню Волі. Іх сапраўды вельмі шмат, таму сёння на іх засяроджвацца мы не будзем. А ў цэнтры нашай увагі – іншыя мерапрыемствы, не настолькі цесна звязаныя з гадавінай  БНР.

У Варшаве ў суботу 23 сакавіка, у Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца фотавыстава Сяргея і Дзмітрыя Брушко “REVISION 30 – два архівы і два пакаленні”. Бацька і сын зафіксавалі ў фотаздымках важныя моманты найноўшай гісторыі Беларусі. Адметнасць праекта – у супастаўленні кадраў з розніцай у 30 гадоў. Яны паказваюць жыццё краіны ў 1990-я і ў 2020-м. Выставу можна наведаць па 21 красавіка. Уваход вольны.

У нядзелю, 24 сакавіка, а таксама ў аўторак 26-га, лялечны тэатр вольнай Беларусі “Батлейка” разам з Хорам Вольных Беларусаў запрашае на імпрэзу “У пошуках краіны Жаданай”. Ці існуе яна, краіна, дзе ўсё добра і ўсім добра?  Ці мае сэнс блукаць па свеце ў пошуках яе? Ці існуе сапраўдная свабода? Пра гэта і не толькі – у пастаноўцы.  У выкананні хору прагучаць хіты беларускіх і замежных аўтараў, некаторыя – упершыню ў харавой аранжыроўцы. Мова – беларуская з перакладам на польскую.

У наступны чацвер, 28 сакавіка, у Варшаве граюць супольны канцэрт гурты “Relikt” і “Syndrom samazvanca”. Спярша гурт “Relikt” выпусціў альбом “Былі. Ёсць. Будзем” з пераасэнсаваннем незалежнай беларускай сцэны 80-х – 90-х гадоў. Потым “Syndrom samazvanca” прыняў падачу і ў адказ запісаў альбом “Радыё Няміга” з уласнымі кавер-версіямі на легендарныя песні канца мінулага стагоддзя. Прыйшоў час сабраць гэты стракаты хіт-парад на адной сцэне: ад рок-баладаў і псіхадэлічных заплываў да сёрфу і нью-вэйву.


Звяртаемся да падзей ва Уроцлаве. Напярэдаднi веснавога раўнадзенства адбудзецца Гуканне вясны. 23 сакавіка. Праграма святкавання: развешванне самаробных птушачак на дрэвы, спевы абрадавых песень, традыцыйныя танцы пад жывую музыку, гульні і карагоды, а таксама спальванне пудзіла зімы разам з дрэннымі ўспамінамі.

І, безумоўна, не забудзьце наведаць імпрэзы, прымеркаваныя да Дня Волі. Са святам, сябры!

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя