BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Што паглядзець на Калядах па-беларуску: 5 фільмаў для ўсёй сям’і

Неўзабаве зменіцца год, а яшчэ нас чакае цудоўнае свята — Каляды. Што можа быць лепш за прагляд утульных калядных фільмаў на роднай мове?

Мы зберлі для вас некалькі калядных фільмаў па-беларуску, што сагрэюць зімовым вечарам і прынясуць святочны настрой.

Адзін дома (1990)

Home Alone

  • Краіна: ЗША
  • Жанры: Камедыя, сямейны
  • IMDb: 7,6/10
  • Пераклад: Шматгалосая закадравая агучка

Несмяротная класіка, каторую не заўжды падабалі нашыя бацькі, аджа пацехі ў фільме збольшага звязаныя са здзекамі з дарослых. Ніколі не абрыдне глядзець, як 8-гадовы хлопец зрывае бандытавы планы.

Дзе глядзець: Кінакіпа

Калядны харал (2009)

A Christmas Carol

  • Краіна: ЗША
  • Жанры: Драма, фэнтэзі, анімацыя
  • IMDb: 6,8/10
  • Пераклад: Двохгалосая закадравая агучка

Гэта вечная павучальная гісторыя пра старога і суровага скупяндзея, каторага цікавяць толькі грошы. Ён грэбуе ўсім: любоўю, сяброўствам і нават каляднымі святамі. Хай у мультфільме нямала змрочных сцэнаў, ён вельмі аптымістычны.

Дзе глядзець: Кавярня

Гэта цудоўнае жыццё (1946)

It’s a Wonderful Life

  • Краіна: ЗША
  • Жанры: Фэнтэзі, драма, сямейны
  • IMDb: 8,6/10
  • Пераклад: Шматгалосая закадравая агучка

Класічны фільм пра ахвярнасць, любоў, дапамогу і важнасць кожнага чалавека. Маладзён Джордж Бэйлі ўсё жыццё адмаўляецца ад сваіх мараў дзеля іншых. Напярэдадні Калядаў ён на мяжы самагубства, але да яго прыходзіць анёл-ахоўнік і паказвае, якім бы быў свет без Джорджа.

Дзе глядзець: Кінакіпа

Клаўс (2019)

Klaus

  • Краіны: Гішпанія, Вялікабрытанія, ЗША
  • Жанры: Анімацыя, прыгоды, камедыя
  • IMDb: 8,2/10
  • Пераклад: Субцітры

Цудоўны мультфільм, што і ўвесяліць, і расчуліць. Пыхлівага хлопца высылаюць наладжваць паштовую камунікацыю ў далёкае паўночнае места, дзе ён стракае самотнага старца на імя Клаўс. З гэтага знаёмства пачынаюцца дзівосныя падзеі.

Дзе глядзець: Лагодны Цмок

Гары Потэр і Філасофскі камень (2001)

Harry Potter and Philosopher’s Stone

  • Краіны: Вялікабрытанія, ЗША
  • Жанры: Прыгоды, драма, сямейны
  • IMDb: 7,6/10
  • Пераклады: Субцітры / Двохгалосая закадравая агучка

Адзін з найлепшых фільмаў для прагляду з дзецьмі — натхняльная гісторыя пра найвядомейшага хлопчыка-чараўніка і ягоных сяброў. Няхай гэта не калядны фільм, аднак там будзе эпізод, што дасць святочны гумор на ўвесь час.

Дзе глядзець: Лагодны Цмок (субцітры),

Кінакіпа (агучка)

Варта помніць

Якасны пераклад, а потым агучванне фільму — вельмі складаны, доўгі і дарагі працэс. Аднак урад Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі не зацікаўлены ў з’яўленні беларускіх версіяў фільмаў усясветнага кінематографа.

Таму ўсе дасягненні ў гэтым кірунку былі зробленыя беларускімі аматарамі-рупліўцамі, што працуюць на ўласных натхненні, прынцыпах і ахвоце. Такі стан часам уплывае на якасць: бывае, пераклады маюць хібы, а агучку не заўжды прыемна слухаць. Але кожны такі саматужны пераклад мае душу і робіць вялікі ўнёсак для беларускай культуры — а гэта галоўнае.

Гэта ўсё

Прыйшоў час зберціся з блізкімі людзямі ў зіхаценні аганькоў і водары святочных пачастункаў. Спадзяёмся, вам удасца зладзіць утульны кінавечар, ахутаны чарамі Калядаў і беларускай мовы.

Няхай калядныя дзівы застануцца з вамі на ўвесь сезон і натхняць на дабрыню, любоў і беларушчыну. Зычым цудоўных святаў!

Аўтар артыкулу:

К. К.