BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Вера Масайла пра дзіцячы калектыў “Званкі”

Фота: hdk.hajnowka.pl

Падчас конкурсу школьных тэатральных калектываў у Беластоку сваю пастаноўку прадставілі і гайнаўскія “Званкі”. Удзел калектыву ў конкурсе — пэўная традыцыя, “Званкі” існуюць з 2008 года і штогод знаёмяць гледачоў з беларускай культурай.

Пра калектыў і неабходнасць захавання мовы для наступных пакаленняў распавяла “Госця Рацыі” Вера Масайла:

– Мы з Гайнаўскага дому культуры. Я ўжо на пенсіі, калісьці была настаўніцай у школе. Цяпер збіраю дзяцей, мы стварылі такія “Званкі” і выступаем з рознымі прадстаўленнямі. На гэты раз я на падставые казкі Пушкіна пра рыбака і залатую рыбку. Сабрала дзяцей, паспрабуем паказаць. Я думаю, што гэта трошкі вучыць дзяцей чагосьці. Цяпер дзецям размаўляць па-беларуску вельмі цяжка, бо бацькі не гавораць, ужо нават дзяды не гавораць. Тое, што яны навучыліся так добра гаварыць, то я лічу, што гэта вялікі поспех. Дзеці ад 2 да 7 класа.

РР: Наколькі дзеці ўвогуле дэманструюць зацікаўленасць да тэатру, да беларускай мовы?

– Розныя ёсць дзеці. Былі такія, што хацелі, але ім зацяжка. Выбачаліся, казалі, што цяжка. Тыя, што засталіся, вельмі зацікаўленыя. Яны нават паміж сабой ужываюць гэтыя звароты, напрыклад, “прэч з вачэй” ці штосьці такое. Я задаволеная, дзеці задаволеныя, бацькі задаволеныя, што дзеткі, якія на жаль штодзённа не ўжываюць беларускай мовы, вельмі добра спраўляюцца. Пераважна добрыя вучні, якім гэта прасцей. 10 дзяцей выступае.

РР: Вы кажаце, што мовай не карыстаюцца нават бацькі з дзядамі. Што рабіць, каб захаваць мову?

– Гэта вельмі складанае пытанне, тэма і праблема. Трэба шукаць такіх дзяцей і бацькоў, зацікаўліваць, паказваць, запрашаць. Я думаю, што на Гайнаўцы гэта не скончыцца, мы дзесьці пакажам гэта яшчэ. Можа яшчэ кагосьці заахвоцім. Людзі ў маім узросце пытаюць, навошта гэта дзеткам. Калі пабачаць, што файна бавяцца, гуляюць, што гэта публіку і дзяцей цешыць, можа штосьці зменіцца. Вялікіх змен не спадзяёмся, але я ўсё ж аптымістка.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя