BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Закрылі два дзяржаўныя выдавецтвы

Паводле інфармацыі Рады культуры, яшчэ ў сакавіку былі ліквідаваныя два дзяржаўныя выдавецтвы — “Вышэйшая школа” і “Народная асвета”.

Як адзначаецца ў аглядзе Рады культуры, выдавецтвы абвясцілі пра спыненне сваёй працы ў сацыяльных сетках. 27 сакавіка на старонцы выдавецтва “Народная асвета” ў фэйсбуку з’явілася інфармацыя, што з 1 красавіка яно спыняе сваю дзейнасць. Яго правапераемнікам выступіць выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, заснаванае Міністэрствам адукацыі. Сацыяльныя сеткі “Вышэйшай школы” не існуюць, магчыма, яны ўжо выдаленыя.

У 2023 годзе абодва выдавецтвы забралі ў Міністэрства інфармацыі і перадалі Міністэрству адукацыі. Магчыма, гэта было зроблена, каб палегчыць працэс зліцця, які планаваўся ўжо тады.

«Вышэйшая школа» — адно з найбуйнейшых выдавецтваў у Беларусі, было ўтворана ў 1961 годзе. Выдавецтва выпускала навучальныя, даведачныя, вытворча-практычныя, навуковыя, навукова-папулярныя кнігі.

Выдавецтва «Народная асвета» было ўтворана ў 1951 годзе. Яно выдавала навучальныя дапаможнікі для агульнаадукацыйных, спецыяльных школ і педагагічных навучальных устаноў, метадычную літаратуру для настаўнікаў, літаратуру па пазакласным чытанні для навучэнцаў, мастацкую літаратуру, праграмна-метадычныя выданні, друкаваныя дапаможнікі для школ, у тым ліку на беларускай мове.

Закрыццё гэтых двух дзяржаўных выдавецтваў — далёка не адзінае такое рашэнне ўладаў.

У 2021 годзе яны зачынілі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, якое далучылі да выдавецтва “Беларусь”.